Вялікі выкід гарачай вады і пара адбыўся ў зоне жылой забудовы на вуліцы Урублеўскага. Падтопленымi апынуліся прыдамавая тэрыторыя і падвал. У бліжэйшых жылых дамах, двух дзіцячых садках і школе адсутнічала цеплазабеспячэнне. Менавіта такі быў сцэнар вучэнняў гродзенскіх службаў па ліквідацыі аварыі на камунальна-энергетычных сетках, якія праходзілі 8 лістапада .
Усяго ў вучэннях было задзейнічана больш за 30 чалавек і 7 адзінак тэхнікі.
«Зыходзячы з вопыту здарэння ў 2012 годзе на вуліцы Татарскай, гэтаму пытанню — аварыям на ўчастках цепласетак — мы надаем увагу пастаянна. Галоўная задача такіх вучэнняў - узаемадзеянне ўсіх зацікаўленых службаў у ліквідацыі аварыі», — распавёў начальнік аддзела па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Вадзім Зайцаў.
У якасці пілотнага праекта ў Гродзенскай вобласці выдаюць уліковыя формы-налепкі для тэхнікі арганізацый, якую можна прыцягнуць да аварыйна-выратавальных i iншых неадкладных работ у зонах надзвычайных сітуацый. Гэта дазволіць весці спецулiк тэхнікі і кантраляваць яе спраўнасць. Такія налепкі на вучэннях выдалі тром машынам, якія цяпер будуць ездзіць з імі пастаянна.
Дырэктар цеплавых сетак Анатоль Шышла адзначыў, што вучэнні прайшлі на высокім узроўні і ўсім службам удалося атрымаць добры вынік.
«Пры ліквідацыі аварыі на Татарскай узнікла шмат пытанняў, якія мы цяпер адпрацоўваем усімі гарадскімі службамі. На вучэннях гэтыя моманты мы абмеркавалі і стварылі амаль рэальную баявую сітуацыю. З усімі задачамі службы справіліся добра. Па нормах да месца аварыі трэба прыехаць не больш чым за 1,5 гадзіны, мы выканалі сваю задачу за 30 хвілін».