За ўсё дзякуй Леніну! Камуністы Гродна адзначылі гадавіну рэвалюцыі

«Камуністычнымi ідэямі жыве большая частка Гродна». Такімі словамі пачала мітынг прысвечаны 99-й гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі першы сакратар гарадскога камітэта камуністычнай партыі Беларусі Лілія Кашанкова.

Праз год, да 100-гадовага юбілею Кастрычніка, гродзенскія камуністы плануюць павялічыць свае шэрагі ў два разы. Сёлета 7 лістапада на плошчу Леніна прыйшлі каля 30 камуністаў са 120 зарэгістраваных у горадзе. Там жа партыйныя білеты выдалі двум новым чальцам.

[irp posts=”2883″ name=”Гродзенскія камуністы адзначаюць 99-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі”]

Адной з гэтых «маладых» апынулася намесніца старшыні адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Жанна Грыцкевіч. Яна патлумачыла сваё ўступленне ў камуністычную партыю даўняй марай.

15

«Дзякуючы Леніну і з’явілася Беларусь»

Прыйшлі пакланіцца правадыру сусветнага пралетарыяту ў асноўным пенсіянеры, сярод іх быў і мастак Сяргей Чукаў, які прынёс на мітынг свае карціны Леніна і Маркса.

«Я грамадзянін Расiі, сібірак. Жыву ў Гродне ўжо больш за 20 гадоў. Лічу што мы, паслядоўнікі Савецкага саюза, павінны святкаваць гэтае вялікае свята, гэта наш абавязак. Дзякуючы камуністам тут усё існуе. Не было б рэвалюцыі, не было б і наогул Расіі. А дзякуючы Леніну з’явілася і Беларусь. У Грамадзянскую вайну, калi галодная была Расiя, Ленін адправіў у Беларусь 50 адукаваных людзей. Дзякуючы яму гэтая краіна і стала першай адукаванай рэспублікай у СССР. Ды і наогул Расія дзялілася з братэрскай Беларуссю ўсім і аддала апошняе».

2

Сяргей не толькі карціны малюе, але ў мінулым рабіў яшчэ і помнікі Леніну. З трох яго работ ва Украіне засталася стаяць толькі адна, астатнія ўжо знеслі.

«Крыўдна, але такая палітыка ва Украіне. Ужо ходзяць размовы, каб і ў Беларусі прыбралі помнікі Леніну, але я лічу, што іх прыбіраць нельга. Гэта наша гісторыя. Адзінае, што трэба зрабіць з Ленiнын, дык гэта раззалаціць – дадаць залатога колеру, каб ён быў яркім».

«Кастрычніцкая рэвалюцыя прынесла працоўнаму народу адукацыю»

Антаніне Лук’янаўнай 89 гадоў і яна, згодна са сваёй даўняй традыцыяй, прыйшла пакланіцца Леніну і ўскласці каля яго помніка кветкі.

«Доўгія гады мы з дачкой прыходзім да Леніна. Сёлета я прыйшла адна, бо дачка трохі прыхварэла. Заўсёды прыношу невялікі букецік фіялак, якія сама выгадоўваю ў кватэры на акне. Для мяне 7 лістапада вялікае і значнае свята. Кастрычніцкая рэвалюцыя прынесла працоўнаму народу адукацыю, мы ж пры панскай Польшчы былі няграматныя, а нашай беларускай мовай пагарджалі. Але з прыходам саветаў усё змянілася”.

1

Мэта камуністаў у Гродне – павялічыць свае шэрагі ўдвая

Перад ускладаннем кветак на мітынгу выступіла першы сакратар гарадскога камітэта КПБ Лілія Кашанкова. Яна адзначыла, што шэрагі камуністаў у Гродне працягваюць расці.

«Прыемна, што пра камуністаў не забываюць. Яшчэ да святкавання нас афіцыйна павіншаваў прэзідэнт краіны, а пасля я ўбачыла віншаваннi і на сайце гродзенскага выканкама. Для нас гэта важна, што ёсць падтрымка. Наша мэта на наступны год, калі мы будзе святкаваць 100-годдзе рэвалюцыі, папоўніць свае шэрагі ўдвая. Мы ведаем, што камуністычнымі ідэямі жыве большага частка нашага горада, так што ў нас ёсць будучыня».

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: