Апошнім часам у Гродне паволі змяняецца iнфаструктура для аматараў двухколавага транспарту: прыбіраюць бардзюры, ствараюць новыя веладарожкі і веластаянкі. Толькі пра старыя недахопы, звязаныя з веларухам у Гродне, гарадскія ўлады чамусьці забываюць.

Тэму веладарожкі на Суворава ўздымалі не адзін раз на Гродзенскам форуме і ў сацыяльных сетках, але з 2013 года праблема так і засталася нявырашанай.

Справа ў тым, што на вуліцы Суворава ёсць цікавая разметка для веласіпедыстаў - яна пераходзіць у прыступкі. Калі хто з веласіпедыстаў не ведае пра асаблівасці гэтага месца, то можа лёгка «зубы палічыць».

Улетку, пасля сумеснай паездкі на веласіпедах старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя, супрацоўнікаў ДАІ і велаактывiстаў, вырашалася пытанне аб стане велаiнфаструктуры ў горадзе. Тады зафіксавалі шмат парушэнняў у асноўным звязаных з высокімі бардзюрамі. Некаторую частку з іх ужо перарабілі. Але вось веладарожкамі ніхто не заняўся.

Як распавяла старшыня арганізацыі «ВелаГродна» Юлія Каляда веласіпедысты даўно звярнулі ўвагу на грубыя недахопы «веладарожкі» на Суворава.

«Праблема ёсць і яна з 2013 года падымалася шмат разоў у сацыяльных сетках і пры зносінах з журналістамі. Але з тых часоў там так нічога і не змянілася. Гэтае пытанне мы паспрабуем падняць зноў ужо на сур’ёзным узроўні вясной, калі будзем з гарадскімі ўладамі ў чарговы раз абмяркоўваць тэму веларуху ў Гродне».

Дарэчы, прыступкі на разметцы для веласіпедыстаў на Суворава — не адзіная праблема на гэтым веламаршруце. Таксама там у некаторых месцах няма тратуарнай пліткі, а яшчэ ёсць слуп пасярод веладарожкі.

2