З пачаткам лістапада гродзенская каманда амерыканскага футбола “Варвары” выйшла з адпачынку і пачыла рыхтавацца да новага сезону. Спартсмены імкнуцца прыцягваць новых людзей у свае шэрагі.
У мінулым сезоне каманда Аляксея Серабракова выступіла не вельмі ўдала. Сярод чатырох каманд гродзенцы занялі трэцяе месца і не прабіліся ў фінал Усходняй лігі амерыканскага футбола. На выязных гульнях у футбалістаў часта ўзнікалі цяжкасці са складам.
“Пасля чэмпіянату далі час хлопцам падлячыцца, сабрацца з думкамі, ды і проста засумаваць па трэніроўках. На міжсезонне планаў шмат. Натуральна, трэніроўкі пастараемся сістэматызаваць. Мінулы сезон удалым не назавеш – будзем выпраўляць памылкі, падцягваць тэорыю, фізічную падрыхтоўку. Акрамя гэтага як ніколі востра паўстала пытанне недахопу персаналу, ды яшчэ і некалькі найважнейшых гульцоў збіраюцца ў войска, з гэтай прычыны мы плануем актыўна прыцягваць пачаткоўцаў”, – распавядае галоўны трэнер гродзенскай каманды Аляксей Серабракоў.
Ужо зараз рэкламны плакат “Варвараў” можна заўважыць на сіцібордзе каля дома Элізы Ажэшкі. Неўзабаве ў горадзе з’явяцца афішы з інфармацыяй пра новы набор у каманду, таксама футбалісты распрацоўваюць білборд.
“Ва ўсім гэтым нам дапамагае рэкламнае агенцтва “Town Labs”, ТАА “СитиБорд”, фатограф Міхаіл Сухараў, гэтак жа разлічваем на працяг супрацоўніцтва з начальнікам аддзела спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алегам Андрэйчыкам. Акрамя гэтага фітнес-цэнтр “Еўропа” прадаставіў нашым гульцам 30% зніжку на наведванне іх залы”.
Каб камандзе проста існаваць – такой падтрымкі дастаткова, але каб развівацца і прасоўваць спорт – гэтага мала. Дагэтуль не зразумела дзе праводзіць тэарэтычныя заняткі. Калі арэнда поля для трэніровак у міжсезонні спартсменам па плячу, то ў сезоне ім даводзіцца сур’ёзна эканоміць: арганізаваць хатнія гульні або выезд у Віцебск, Калінінград ці Эстонію справа не танная. Таму трэніравацца хлопцам прыходзіцца на поле Аграрнага ўніверсітэта, без раздзявалак, душа і туалета.
“Нягледзячы на ўсе цяжкасці, цікавасць у гродзенцаў да нашага спорта расце. Праца ў меру нашых сіл вядзем. У думках ёсць таксама варыянт з наведваннем навучальных устаноў горада і наборам студэнтаў там. Таксама трэба нарэшце атрымаць юрыдычны статус, таму цяпер працуем над рэгістрацыяй Грамадскага аб’яднання”.
Таксама футбалісты чакаюць адкрыцця новага футбольнага манежа ў Пышках і спадзяюцца, што цана за арэнду для іх будзе прымальнай.
Больш інфармацыі аб камандзе і трэніроўках можна паглядзець тут.


