29 кастрычніка Віктар Шалкевіч разам з сябрам, гітарыстам Юрыем Хілаўцом граюць «Восеньскі канцэрт» у сталічным Тэатры эстрады. Напярэдадні музыкі «парэпетавалі» у жывым эфіры Еўрарадыё. А Віктар распавёў, што ў Гродне толькі начуе, і цэніць перадусім асабістае жыццё і спакой.
Цікавыя цытаты Віктара Шалкевіча
Я сталею разам і побач з маімі слухачамі. Але ў маіх вачах яны не мяняюцца, і я ў іх вачах. Мы як закаханая пара — не заўважаем за сабой ніякіх змен.
Цяпер вельмі многія падмазваюцца пад бардаў. Калі нешта не ўдалося на рок-сцэне — становяцца бардамі. Але ёсць розніца паміж тымі, хто нешта там сабе нудзіць пад нос і тымі, хто не нудзіць. Бо гэта павінна быць вельмі цікава.
Быў такі бард па прозвішчы Цымерман. Да чаго дабіўся — да Нобелеўскай прэміі! А пачынаў як — гармонік нейкі губны, гітарка не вельмі настроеная. Павінны і мы старацца.
Трэба цвёрда займаць сваю нішу. Стаіш ты ў нішы пад касцёлам, і стой сабе. А калі ты пачынаеш на сябе нешта цягнуць, гэта не тое: адразу відаць, калі чалавек займаецца не сваёй справай. «Здравствуй, чужая милая», — адзін спявае, пра Валожын — іншы, а пра камунальныя пахі — трэція. Гэта лепшае, што можа быць.
[irp posts="981″ name="Віктар Шалкевіч: Нарадзіўся ў дарозе, у такім стане і існую…""]
Сапраўдная «дзвіжуха» — у Атаве, Таронта. Я нядаўна вярнуўся з 32-й сустрэчы беларусаў Амерыкі, і там сустрэў вельмі многа сваіх прыяцеляў. Вельмі многа. Там нашых незлічоная колькасць.
Я чалавек не медыйны, я не люблю, калі пальцам паказваюць. Я цаню перадусім асабістае жыццё і спакой.
У мяне дома каля 4000 дыскаў. Але я аддаю перавагу класіцы. Баху, Гендалю. Калі мне карціць, я ўстаўлю кружэлачку і слухаю. А яшчэ Гэры Брукара, Camel — тое, на чым рос.
У Гродне я толькі начую. А так, езджу да сябе на лецішча — у мяне там такі прыстойны домік ёсць. Люблю там назіраць, як вавёркі абгрызаюць галінкі ці скачуць па дрэвах.
У Канадзе шмат людзей, з якімі цікава гаварыць. Вось нашых нармальных 600 чалавек прыбяры адсюль, вывезі куды-небудзь — нібы нічога і не зменіцца, а насамрэч, зменіцца.