Прадэманстраваўшы добрую абарончую гульню ў меншасці, гродзенскі «Нёман» не здолеў узяць ачкі ў Салігорску і прайграў мясцоваму «Шахцёру», які вядзе барацьбу за срэбраныя медалі чэмпіянату.

Ужо на 19-й хвіліне матчу гродзенцы засталіся ў меншасці: Бебе зачапіў гульца «Шахцёра» у сваёй штрафной і атрымаў чырвоную картку, пры гэтым суддзя прызначыў яшчэ адзінаццаціметровы ў вароты «Нёмана». Свой шанец гаспадары не рэалізавалі, бо Курганскі адгадаў кірунак мяча, а ўдар на дабіванне ў «Шахцёра» не атрымаўся.

Забіць адзіны мяч у матчы гаспадары здолелі толькі на 65-й хвіліне, вызначыўся Бурко. Пасля таго, як адзін з «гарнякоў» выйграў верхавую барацьбу, мяч апынуўся ў нагах Бурко, які доўга не думаючы адправіў мяч у сетку варот. Курганскі мог выцягнуць гэты ўдар, але не ратаваў.

29 кастрынiка, «Шахцёр» — «Нёман» — 1:0

Пасля паразы ў Салігорску галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч пракаментаваў гульню:

— Як ацэньваць гульню… незаслужаная параза. Пачынаючы з пятнаццатай хвіліны гуляць у меншасці з адным з лідараў чэмпіянату. Гулялі мы добра, вытрымалі план на гульню. Але маем тое, што маем.

— У другім тайме вас не было на лаўцы запасных разам з камандай. Ці адбыўся нейкі канфлікт з суддзямі?

— Не было канфлікту. Проста я выказаў свой погляд на падзеі, якія адбываюцца. Затым рэзервовы арбітр сказаў, што я выдалены да канца сустрэчы.

— Павел Савіцкі перад тым як «Шахцёру» трэба было прабіваць пенальці нешта сказаў свайму галкіперу. Вы цікавіліся, што менавіта?

— Цікавіўся. Сказаў проста: не бойся, зловіш. Гуляй па ўдары.

Пасля паразы ў Салігорску гродзенцы так і працягнулі дзяліць 12 і 13 радок у турнірнай табліцы разам са «Слуцкам». У каманд па 28 ачкоў. Толькі вось у случчан на адзін матч згуляна менш.