Не паспелі гродзенцы парадавацца за перамогу Алега Канапацкага на конкурсе «Розсміши коміка», як яго выступ выклікаў сур’ёзны скандал. Гродзенца абвінавачваюць у тым, што ён выйграў у Кіеве з дапамогай чужых жартаў, якія раней выкарыстоўваліся беларускімі КВЗэншчыкамі.

Яшчэ 25 кастрычніка на сваёй старонцы ў Вконтакте беларускі рэдактар афіцыйнай лігі міжнароднага саюза КВЗ Мікалай Банасевiч, пакінуў запіс, у якiм абвінавачвае Алега ў выкарыстанні чужых жартаў. За два дні запіс пракаментавала шмат чалавек. Каментары былі як у падтрымку Алега, так і супраць яго.

[irp posts="1913″ name="Студэнт з Гродна рассмяшыў украінскіх комікаў і выйграў 20 тысяч грывен"]

«Зайздрасці няма, людзі шукаюць справядлівасці»

Мінчанiн Павел Якіменка тройчы ездзіў на тэлешоў «Розсміши коміка» і кожны раз яму ўдавалася выйграть прыз. Ён лічыць, што красці чужыя жарты — няправільна.

«Таварышы, проста ўжо немагчыма чытаць гэтыя апраўдваючыя хлопца каментары, з лайкамі ў дадатку. Вы сур’ёзна лічыце, што красці чужы матэрыял — нармальна? Вы пісалі серыю артыкулаў, іншы чалавек апублікаваў і зрабіў іх знакамітымі, гэта нармальна? Вы карціны пісалі, а іх у галерэі пад чужым імем выставілі - гэта нармальна?

Зразумейце, ні ў каго тут зайздрасці няма, людзі справядлівасці шукаюць. Яны б яе шукалі, калі б Алег і не выйграў, праўда. У беларускiм КВЗ каля трыццаці пераможцаў «Разсмяшы коміка» і яшчэ каля дваццаці челавек хацелі б паехаць, але Алег жарты іх каманд раней «зліў». Ён не зрабіў іх папулярнымі, яны ўжо былі папулярныя. Ён узяў і зліў.

Самае страшнае, што ён прачытаў шмат жартаў, якія ўжо былі ў праграме.

Хлопцы з каманд гадзінамі, днямі, гадамі выношвалі гэтыя жарты, думалі, ламалі галаву, потым выступалі з імі, а пацан проста ўзяў і выступіў ва Украіне. А цяпер іншым хлопцам зноў працаваць, каб чарговы «герой» паехаў з яго жартамі і выйграў?

Ніхто не дае маральнага або аўтарскага права без ведама браць у гэтых людзей жарты і ехаць на перадачу. Напісаць загадзя аўтару, папрасіць матэрыял, узгадніць умовы і ехаць — вось схема, па якой многія і прайшлі, але гродзенец пайшоў сваім шляхам". — адзначыў Павел Якіменка.

«Я нічога не парушыў»

Сам гродзенец Алег Канапацкi адзначыў, што пару жартаў да першага раўнда даў адзін яго знаёмы. Як аказалася, гэта былі жарты беларускіх КВЗшчыкаў.

«Па факце я нічога не парушыў. Сутнасць дадзенага шоў - рассмяшыць коміка, што я і зрабіў. Не адмаўляю таго, што не ўсе жарты былі мае, але яны былі дадзены на ўсеагульнае карыстанне яшчэ год таму», — адзначыў Алег.

«Спадзяюся, ён не будзе больш займацца творчасцю»

Яўген Бржусь з’яўляецца капітанам каманды КВЗ «Белыя росы». У выступе гродзенца было некалькі жартаў менавіта яго каманды, якія гучалі ў першай лізе МС КВЗ і ў Вышэйшай Украінскай лізе МС КВЗ.

«Самае непрыемнае ў гэтай гісторыі не тое, што хтосьці скраў жарты ў беларускіх каманд КВЗ — з намі гэта адбывалася часцяком, а што гэта зрабіў менавіта КВЗншчык, спадзяюся, ужо былы. Гэта, калі хочаце, парушэнне прафесійнага этыкету, таму што кожны хто хоць раз спрабаваў прыдумаць добры «болт», разумее наколькі гэта складана. І не можа быць апраўданняў гэтаму ўчынку. Гэта крадзеж у сваіх калегаў. Да таго ж мы гэтыя жарты і выдавалі лепш. Таму гэты хлопец не толькі дрэнны сцэнарыст, але і акцёр.

Хтосьці прапаноўваў, каб ён выйграныя грошы аддаў на дабрачыннасць. Як па мне, гэта добрае рашэнне пытання. Мне ў яго патрабаваць няма чаго. Я працую сцэнарыстам у «Студыі Квартал 95″. Я жартаў яшчэ напішу, а вось Алег, спадзяюся, зоймецца чымсьці іншым, а не творчасцю».