Вось ужо тры месяцы жыхары аднаго з дамоў у цэнтры Гродна жывуць практычна без даху над галавой. Яшчэ летам у будынку абрынулася частка даху, але рамонту людзі чакаюць дагэтуль. У доме з-за вільгаці ўтвараюцца расколіны, адвальваецца тынкоўка. Па словах камунальнікаў, паскорыць працэс нельга — тры месяцы пайшло на ўзгадненне дакументаў, перадае АНТ.
У кватэры Ніны Лёткінай — устойлівы пах вільгаці, у кутах утварыліся падцёкі, падваконнікі закладзены тканінай, дзверы на балкон перакасілася і зачыняюцца з цяжкасцю. У суседзяў не лепш — тынкоўка адвальваецца разам з цагляным мурам, трэшчына ў пярэднім пакоі паступова павялічваецца.
Па словах жыхароў, усе іх камунальныя беды — на даху. Яшчэ тры месяцы таму каменныя парапеты фасада абваліліся, разам з імі і адзін з балконаў. Новы дах мясцовыя ўлады паабяцалі, але да гэтага часу тут толькі часовае пакрыццё, а яно дае цечу. Стары дом не вытрымаў выпрабавання надвор’ем і пачаў паволі разбурацца. Работнікі ЖЭСа як могуць латаюць дзіркі, але гэтых намаганняў ужо недастаткова.
Данута Булай, жыхарка Гродна: «Прыйшлі праекціроўшчыкі - на балконе зрабілі дзірку, нешта пахадзілі пафатаграфавалі. Але мы чакаем-чакаем — выніку няма. Мы не спадзяемся ні на што, бо пакуль мы не звярнуліся, да нас ніхто з чыноўнікаў не прыходзіў».
У гарадской ЖКГ тлумачаць: тры месяцы чакання — не так ужо шмат, бо на падрыхтоўку дакументаў пра капітальны рамонт будынка трэба час. Выпадак абвалу даху на Пралетарскай не быў кваліфікаваны як надзвычайны, а значыць, усё робіцца паводле закону.
Віктар Бурда, намеснік генеральнага дырэктара Гродзенскай гарадской ЖКГ: «Было праведзена дэталёвае абследаванне ўсіх апорных канструкцый, пасля чаго аб’ект выстаўлены на таргі на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі. У бягучым месяцы быў заключаны дагавор з інстытутам „Гроднаграмадзянпраект“. У снежні пачнуцца будаўніча-мантажныя работы па капітальным рамонце даху і фасада жылога дома. У сакавіку мы гэтыя працы завершым».
Але людзі занепакоеныя — зіма на парозе. У выпадку багатых снегападаў часовае пакрыццё наўрад ці вытрымае, і абвалы могуць паўтарыцца. Каб паскорыць працэс, у Гродзенскім выканкаме рамонт дома ўзялі на жорсткі кантроль.
Андрэй Жук, першы намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама: «Наша задача цяпер — у самыя кароткія тэрміны прывесці дадзены дом у парадак. У цяперашні час інстытутам „Гроднаграмадзянпраект“ вядуцца ўзмоцненымі тэмпамі праектныя працы».
Ужо вырашана: у доме будзе закончаны дах, уцепляць сцены, заменяць вентыляцыйныя каналы і ўмацуюць балконы, а на іх усталююць дашкі. Зрэшты, жыхарам дома абяцанні чыноўнікаў ужо не ўсяляюць аптымізму. Многія шукаюць больш бяспечнае месца для «зімоўкі» — далей ад вільгаці.