Штогод у другія выходныя кастрычніка ўсе спелеолагі Беларусі спяшаюцца ў Гродна на спецыялізаваныя маршруты па старых фартах. Гэта альтэрнатыва скальнаму і пячорнаму рэльефу, якога ў Беларусі няма. Нядаўна аматары пячор выпусцілі і справаздачнае відэа з Гродна, дзе падрабязна распавялi пра сваю дзейнасць.

Кожны год у адзіным у Беларусі спелеаклубе «Геликтит-ТМ», які знаходзіцца ў Мінску, набіраецца Школа першага года. Гэта цэлы курс, які ўключае тэорыю і практыку. Прайшоўшы яго, можна трапіць у спелеаэкспедыцыю. Выезд на Гродзенскі форт № 8 — першы выезд школы ва ўмовы, максімальна набліжаных да пячор, наколькі гэта магчыма ў Беларусі. Праходзіць ён раз у год у кастрычніку.

«Наша мэта — даць магчымасць вучням адчуць сябе спелеолагамi, патрэніравацца на маршрутах на рэльефе, падобным да скальнага, пабываць ва ўмовах, падобных да пячоры — мы робім начны выхад у форт з пераадоленнем вузкасці.

Праграма выезду вельмі насычаная. Днём нашы ўдзельнікі лазяць па маршрутах, увечары — па вузкасцi форта, на наступную раніцу ўжо спаборнічаюць у асабістым першынстве і камандным падземным арыентаванні", — распавяла прадстаўнік клуба Святлана Будзько.

https://www.youtube.com/watch?v=1V_6VrV8XQM

Фарты каля Гродна ўжо многія гады служаць базай для беларускіх спелеолагаў. Гродзенскія гісторыкі лічаць, што такі від турызму не нашкодзіць старым пабудовам, калi турысты не разбураюць iх.