Два пакаленні мастакоў з Ваўкавыска – Галіна Аксаміт і яе сын Андрэй – сталі аўтарамі афармлення вокладкі альбома “Kufar” беларускага фолк-рок-гурта Re1ikt.

Галіна малюе ў традыцыйнай акварэльнай тэхніцы, а яе сын Андрэй – працуе графічным дызайнерам у IT-кампаніі. Разам яны стварылі арыгінальны візуальны твор у стылі размаляваных беларускіх куфраў, які арганічна дапоўніў дызайн СD.

Мы сабралі ўсё тое каштоўнае, чым могуць ганарыцца беларусы: нашы традыцыі, наша прырода, наша культура, нашы перамогі, наша ўменне сябраваць і рабіць добрыя справы талакой”, – распавядае пра канцэпцыю новага альбома лідар гурта Алесь Дземідзенка.

“Kufar” з’явіўся роўна праз год пасля выхаду дыска “Лекавыя травы”, прызнанага беларускімі экспертамі найлепшым рок-альбомам 2015 года. Ён запісваўся ў польскай Studio-X вядомага гукарэжысёра і саўндпрадзюсара Марціна Кілбашэўскага ў Ольштыне і атрымаўся такім жа лірычным і атмасферным.

https://soundcloud.com/re1ikt_music/sets/re1ikt-kufar-2016/

Грошы на выданне былі сабраныя ў выніку краудфандынгавай кампаніі, у якой паўдзельнічалі больш за 80 чалавек з розных краін свету: Беларусі, Польшчы, Сербіі, Канады, ЗША. Сума ахвяраванняў склала 2 453 рублі. Гэтых сродкаў хапіла не толькі на тое, каб выпусціць дыск, але і прафінансаваць здымкі кліпа.

Прэзентацыя альбома “Kufar” адбудзецца ў сталічным клубе “Бруге” 10 снежня. Музыкі рыхтуюць вялікі сольны канцэрт з удзелам цікавыя гасцей і, вядома ж, сюрпрызамі.

re1ikt_photo-1

Re1ikt – гурт, які працуе ў напрамку world music, cпалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. У кампазіцыях каманды знітаваліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі.