Адкрыты чэмпіянат Гродзенскай вобласці па спартовым арыентаванні праходзіць у Гродне 22−23 кастрычніка. Заяўкі падалі больш за 100 удзельнікаў.
Наш горад — адзіны ў краіне, дзе адбываюцца этапы сусветнага рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі арыентавання. У першы дзень спабораў удзельнікі мелі паказаць сваё майстэрства ў валоданні гарадской мапай на прыкладзе «Камароўкі».
Арэнай для спартоўцаў стаў мікрараён, абмежаваны вуліцамі Курчатава, Горкага, Урублеўскага і Камарова. Са словаў арганізатараў, раён добра падыходзіць для турніра, бо ў ім ёсць перапады рэльефу, мноства незвычайных лесвіц, іншых архітэктурных форм. Дыстанцыя стала цікавай не толькі для прафесіяналаў, але і для пачаткоўцаў.
Пасля гадзіннай прабежкі пад імжачым дажджом удзельнікі маглі сугрэцца гарбатай з печывам пад дахам нядаўна адчыненай летняй кавярні «Ранча».