У мэтах кантролю за выкананнем антыманапольнага заканадаўства Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю разглядае справу аб навязванні ААТ «Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» незапатрабаванага асартыменту тытунёвых вырабаў, паведамілі ў прэс-службе міністэрства.

Антыманапольны орган лічыць, што пры выкананні заявак гандлёвых арганізацый на запатрабаваныя тытунёвыя вырабы (Minsk Сity, Minsk capital, NZ8, NZ10, NZ Black compact, NZ Gold compact, Matrix BLUE, Queen colibri і іншыя), вытворца навязваў крамам таксама і незапатрабаваныя цыгарэты.

Таксама міністэрства займаецца прычынамі адсутнасці прадукцыі беларускіх вытворцаў безалкагольных напояў і мінеральных і пітных вод у тэатрах, цырках, кінатэатрах, парках адпачынку і іншых культурна-забаўляльных месцах. Антыманапольны орган высвятляе, ці абумоўлена дадзеная сітуацыя наяўнасцю эксклюзіўных дамоваў з ІП «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь» і ЗТАА «Пепсіко Продактс», якія выключаюць прысутнасць у аб’ектах гандлю прадукцыі іншых вытворцаў.