Невядомыя распісалі стэнды на веламаршруце ў Пышках нецэнзурнымі словамі і зараз вынік іх «працы» бачаць не толькі дарослыя, але і дзеці. Пра гэта Hrodna.life расказала гродзенка Марыя.

«Мы з дзецьмі каталіся ў Пышках на роварах і было вельмі сорамна перад імі, калі яны ўголас зачыталі ўсё, што было напісана на стэндзе. Я проста была шакаваная, калі пачула ад дзяцей гучна і выразна нецэнзурныя словы. Хацелася б у будучыні, каб там такога не было», — распавяла Марыя.

3

Цяпер зламыснікаў ужо не знойдзеш, бо ў Пышках на маршрутах няма аховы ці камер відэаназірання. Але каб тварэнні вандалаў прыбралі, мы звярнуліся ва Упраўленне спорту і турызму гродзенскага аблвыканкама, якое адказвае за веламаршруты.

Як аказалася, гэта ўжо не першы факт вандалізму на веламаршрутах. Начальнік аддзела турызму Таццяна Лiдзяева распавяла, што раней невядомыя ламалі месцы адпачынку ў Пышках.

«Непрыемна ўсё гэта, бо там усё ствараецца для людзей у рамках трансгранічнага праекта, а невядомыя вандалы толькі ўсё псуюць. Калі зламалі ў Пышках месцы адпачынку, рэспубліканскі турысцкі саюз ўсё аднаўляў, і не хацелася б, каб зноў падобнае паўтаралася. Прыйдзецца і гэтыя надпісы прыбіраць. Хочацца верыць, што ў будучыні людзі пачнуць шанаваць тое, што ў іх ёсць, і не будуць псаваць. Але, здаецца, тых, якія займаюцца падобнымі рэчамі, ужо не змяніць».

2