У напружанай барацьбе футбалісты «Тарпеда-БелАЗ» здолелі вырваць перамогу ў матчы з «Нёманам», якi праходзiў 15 кастрычнiка ў Жодзiне. Крыўдны мяч каманда Ігара Кавалевіча прапусціла ў самай канцоўцы сустрэчы.

На працягу ўсёй гульні каманды паказвалі роўны футбол, толькі пад канец асноўнага часу гаспадары завалодалі ініцыятывай і здолелі даціснуць «Нёман». Пераможны гол у матчы забіў на 88-й хвіліне Цярэнці Луцэвіч, які з’явіўся на поле ў другім тайме.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Нёман» 1:0

https://www.youtube.com/watch?time_continue=14&v=lZGvxjIjSJc

Галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч пасля паражэнне ад «Тарпеда» сказаў, што ў яго няма прэтэнзій да сваіх футбалістаў.

«Віншую суперніка з перамогай. У нас да канца чэмпіянату выбылі ключавыя гульцы — Канцавы і Клімовіч. Таму мы мелі цяжкасці ў лініі атакі. Спрабавалі нешта перакроіць. За тое, як каманда правяла матч, прэтэнзій да яе прад’явіць не магу. Крыўдна прапускаць пры нічыйнай гульні на апошніх хвілінах. Думаю, пасля гэтага паражэння станем мацней».

«Тарпеда» працягвае далей барацьбу за 3−4 радок, а «Нёману» трэба тэрмінова набіраць ачкі, каб захаваць прапіску ў Вышэйшай Лізе.

За 5 тураў да канца чэмпіянату, гродзенцы займаюць 12-е месца ў турнірнай табліцы і маюць у сваім актыве 25 ачкоў. Найбліжэйшыя пераследнікі «Слуцк» і «Граніт» маюць па 24 ачкі. А замыкаюць турнірную табліцу «Нафтан» і «Белшына», якія маюць па 22 і 21 ачку.

Наступны матч «Нёман» правядзе ў Гродне 22 кастрычніка, дзе будзе прымаць «Гарадзею».