Вось ужо некалькі гадоў запар у пачатку кастрычніка гродзенскія мотааматары ўрачыста закрываюць сезон: матацыклісты збіраюцца на адной з пляцовак горада, каб падвесці вынікі, паказаць гродзенцам сваю тэхніку, паўдзельнічаць у конкурсах і падзяліцца планамі на наступныя некалькі месяцаў вымушанага прастою.
Звычайна, у зімовыя месяцы мотааматары прыводзяць у парадак сваю тэхніку, каб у наступным сезоне выехаць на вуліцы горада на абноўленых матацыклах.
Традыцыйна восенню гродзенскія байкеры здзяйсняюць мотапрабег па вуліцах горада. У гэтым годзе калона з больш чым 50 матацыклаў праехала па цэнтральных магістралях Гродна. Завяршыўся мотапрабег на стаянцы каля гандлёвага цэнтра OldCity. Тут сярод байкераў правялі відовішчныя конкурсы.
Таксама арганізатары ўзнагародзілі сімвалічнымі статуэткамі дзяўчат за актыўную язду на матацыкле ў гэтым сезоне.
Мерапрыемства было арганізавана удзельнікамі мотаклуба «Насарогі» пры падтрымцы Гродзенскай ДАІ.