Аляксандр Свідэрскі разам з сям’ёй з пачатку ліпеня жыве ў новай кватэры на Вiшняўцы. Стары родавы дом на вуліцы Валковіча неўзабаве знясуць. Але пакуль будынак не знеслі, апошні яго жыхар вырашыў раскрыць таямніцу сваёй сям'і журналісту Hrodna.life, каб знайсці адказы на хвалюючыя пытанні.

Цяперашняя вуліца Валковіча сфармавалася ў канцы XVIII стагоддзя, з 1888 года яна называлася Паўночнай. Менавіта ў той час Свідэрскія пачалі будаваць дамы на гэтай вуліцы. У 1967 годзе вуліца атрымала цяперашняе імя ў гонар дзеяча камуністычнай партыі Данііла Валковіча.

«Свідэрскія ў Гродне былі заўсёды незвычайнымі людзьмі, — распавядае Аляксандр. — Яны былі вядомымі кавалямі. Дом наш на Валковіча, 17 быў пабудаваны ў 1876 годзе, побач з ім пабудавалі і кузню. Ведаю дакладна, што мае прадзед, дзед і бацька былi кавалямi ў гэтым месцы доўгія гады. Некалькі гадоў таму на старую кузню хацелі павесіць шыльду „гісторыка-культурная каштоўнасць“, але не зрабiлi гэтага. Можа гэта i да лепшага, бо тады я можа б i не з’ехаў».

Ля дома і кузнi Аляесандр знаходзіў шмат старых падкоў, у адным месцы iх было каля 20. Часта знаходзіў манеты, старыя бутэлечкі з этыкеткам ад нямецкай парфумы, попельніцу і многае іншае.

"Мой дзед закапаў у двары нямецкі БТР". Гродзенец перад зносам cвайго дома на Валковіча прапануе абследаваць тэрыторыю
Аляксандр у апошні раз правярае гарышча старой кузні. І знаходзіць там некалькі цікавых рэчаў, у тым ліку і старыя паштоўкі.

Сам капаў, але бронетранспарцёр не знайшоў

Усё, што знаходзіў Александр на сваім участку, гэта толькі малая частка таго, што можна было знайсці. Ён кажа, што ў агародзе да сёння закапаны нямецкі бронетранспарцёр, які за доўгія гады ніхто так і не здолеў адкапаць.

«Я хачу, каб археолагі абследавалі ўсю тэрыторыю. Тут шмат чаго можна знайсці. Дзед распавядаў майму бацьку, што падчас апошянй вайны каля дома ўпала бомба, з-за якой утварылася вялікая варонка. Праз некалькіх дзён з-за дажджу там з’явілася невялікае возера. Некалькі чалавек, у тым ліку мой дзед, зацягнулі ў гэтае возера падбіты нямецкі бронетранспарцёр, які стаяў на нашай вуліцы», — кажа Аляксандр.

Ніхто акрамя яго не спрабаваў адкапаць тэхнiку. Хлопец капаў сам, падключаў людзей, але больш чым на два метры паглыбіцца не ўдавалася. Ды і раней бабуля не дазваляла лезці ў яе агарод. Зараз, калі для зносу дома прывязуць тэхніку, ён хоча каб тэрыторыю праверылі. А раптам знойдзецца машына — цікавы экспанат для музея?

"Мой дзед закапаў у двары нямецкі БТР". Гродзенец перад зносам cвайго дома на Валковіча прапануе абследаваць тэрыторыю
Аляксандр паказвае месца ў агародзе, дзе яго дзед закапаў бронетранспарцёр

У доме доўгія гады жыве прывід

Нямецкі бронетранспарцёр і старая кузня — не адзіныя месцы на былой тэрыторыі Свідэрскіх, якія могуць зацікавіць гісторыкаў і гараждан. Стары дом Аляксандра таксама мае цікавую і таямнічую гісторыю.

«Як бы дзіўна не гучала, але мы з жонкай дамагаліся, каб мой сямейны дом хутчэй знеслі. Дом у падвешаным стане з 1970-х гадоў, яго ўжо тады планавалі знесці. Я не мог нават прыбудову зрабіць, наогул нічога. Таму мы самі прасілі, каб нас хутчэй выселілі. Надакучыла проста жыць без дасягненняў цывілізацыі, і гэта нягледзячы на ​​тое, што дом у самым цэнтры горада: вады гарачай няма, пячное ацяпленне, туалет на вуліцы. А на двары 21-е стагоддзе…», — тлумачыць Аляксандр.

І дадае, што яго сямейны дом мае дрэнную энергетыку. Тут павесіўся яго дзед, бацька развітаўся з жыццём тым жа спосабам і ў тым жа месцы. Аляксандр запэўнівае, што ў доме іншы раз проста было немагчыма жыць, бо… пастаянна сутыкаліся з прывiдам! І святароў клікалі, але гэта не дапамагала.

«Аднойчы я нават здолеў сфатаграфаць гэтага прывіда. Усе казалі, што я гэта зрабіў з дапамогай фоташопа. Але я нават цяпер не ведаю што такое фоташоп», — кажа Аляксандр.

"Мой дзед закапаў у двары нямецкі БТР". Гродзенец перад зносам cвайго дома на Валковіча прапануе абследаваць тэрыторыю
У 2010 годзе пры праверцы камеры новага тэлефона Аляксандру ўдалося выпадкова сфатаграфаваць прывіда ў доме.


Ад рэдакцыі: Аналіз фотаздымка паказаў розную шчыльнасць пікселаў, што можа быць сведчаннем мантажу. Таксама ніводная праграма не дала зыходных дадзеных камеры, на якую было зроблена фота. Аналіз ELA (Error Level Analysis) паказвае падазроны сіні шум у ваколіцах «прывіда», што можа сведчыць пра мантаж.


Справа бронетранспарцёра за будаўнікамі і археолагамі

Хто блукае доўгія гады па старым доме, Аляксандр не ведае. Мяркуе, што гэта дзед. Са сваёй сям’ёй хлопец дамогся пераезду і гэтаму вельмі рады. Сямейны дом Свідэрскіх хутка знясуць і пабудуюць на тым месцы нешта новае. Тады Аляксандр спадзяецца даведацца, ці ёсць усё ж гэты нямецкі бронетранспарцёр у агародзе, ці не.

"Мой дзед закапаў у двары нямецкі БТР". Гродзенец перад зносам cвайго дома на Валковіча прапануе абследаваць тэрыторыю
Дом сям'і Свідэрскіх па адрасе вул. Валковіча, 17.
Дарэчы, дамы № 21 і № 23 на вуліцы Валковіча таксама з’яўляюцца фамільнымі дамамі сям'і Свідэрскіх. Яны таксама неўзабаве пойдуць пад знос.