Больш за год таму будаўнікі знайшлі ў падвале старога дома на вуліцы Антонава скарб з залатых манет і пярсцёнкаў. Хоць яны і перадалі знаходку дзяржаве, але дагэтуль так і не атрымалі ўзнагароджання. Цяпер стала вядома, што лёс скарбу павінен вырашыцца ў 2017 годзе ў Гродне.
[the_ad id="16 085"]
Нагадаем, знойдзены скарб па акце прыёму-перадачы ў лютым 2016 года быў перададзены на захоўванне ў Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Гісторыкі падрыхтавалі дакументы і накіравалі іх у аблвыканкам, а адтуль яны трапілі ў Міністэрства культуры для разгляду радай па захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.
Пытанне скарбу будуць разглядаць у Гродне
За год у Мінску нічога не вырашылі. У пачатку лютага 2017 года стала вядома, што пытанні гісторыка-культурных каштоўнасцяў трэцяй катэгорыі (скарб да яе адносіцца) будуць разглядаць на месцы. Для гэтага ў Гродне будзе стварацца свая навукова-метадычная рада з высокакваліфікаваных спецыялістаў. Але калі яна паўстане, ніхто пакуль не ведае.
Рэканструкцыя старога дома амаль завяршылася, будаўнікі з’ехалі на іншы аб’ект, а ўзнагароджання так і ніхто не дачакаўся. Уласніка будынка Валянціна Быкоўскага на пачатку лютага запрошалі ў музей, каб працягнуць дамову аб захоўванні скарбу, бо звычайна музей не мае права захоўваць знаходку больш за адзін год.
Ён адзначае, што са свайго боку паступіў паводле закону, але ніяк не можа дачакацца адказу ад уладаў.
«Будаўнікі, якія ў нас працавалі, ужо на іншым аб’екце. Яны пастаянна цікавяцца лёсам скарбу, разлічваюць на узнагароду. Як я раней казаў, сваю долю перадам у дзіцячы дом. Што будаўнікі будуць рабіць са сваёй часткай — не ведаю. Ёсць і тыя, хто таксама гатовы ахвяраваць на дабрачыннасць. А ўсяго нас было сем чалавек».
Скарб ацэньваецца прыблізна ў некалькі тысяч долараў.
Знаходка дала назву бізнес-цэнтру
Бліжэй да мая Валянцін Быкоўскі плануе адкрыць свой гандлёва-офісны цэнтр. Назва яго будзе — «Скарб».
«Няхай будзе такая назва, бо не проста так тут былі знойдзены такія каштоўныя рэчы. Супрацоўнікам музея ўдалося расшыфраваць запісы на пярсцёнках і мы цяпер ведаем імёны тых людзей, якія, магчыма, схавалі гэты скарб. Хацелася б адшукаць сваякоў - пагутарыць, паказаць тое месца, дзе была знаходка, дзе маглі хавацца іх продкі. Вельмі хацелася б даведацца пра лёс тых людзей, а таксама, што было ў будынку да вайны. Гэта наша гісторыя, гэта вельмі важна для гродзенцаў і горада»,— дадаў бізнесмен.
На пярсцёнках былі напісаны імёны Эфраім і Рывека, а таксама дата іх шлюбу, прыблізна 1920-я гады. Верагодна, у архіве можна знайсці больш падрабязную інфармацыю пра гэтых людзей і дзе яны жылі да вайны, але гэтым пытаннем ніхто пакуль не займаўся. Можна толькі меркаваць, што людзі схавалі свае каштоўнасці ў час вайны, калі знаходзіліся ў гета.