Гродзенскія актывісты арганізавалі новы для горада праект з бясплатным вывазам непатрэбных рэчаў. Актывісты самі прыводзяць іх у парадак, а затым часткова аддаюць на дабрачыннасць, а што застаецца — нядорага прадаюць, для падтрымання справы. Ідэя такога праекта прыйшла Ганне і яе хлопцу Арсенію пасля таго, як яны сталi расчышчаць склеп у бацькоўскай хаце.
Практычна кожны гродзенец сутыкаўся з сітуацыяй, калі ў кватэры збіраецца куча непатрэбных рэчаў, якія шкада выкідаць. Зараз такім рэчам можна даць другое жыццё.
«Ідэя прыйшла да нас абсалютна выпадкова, калі мы разграбалі склеп у доме бацькоў. У той момант мы не ведалі куды тэлефанаваць і каго прасіць, каб пазбавіцца ад хламу. Тады мы пагуглілі і знайшлі цікавы праект у Маскве, называецца svalka.me. Справа ў тым, што ў Беларусі няма падобнага праекта, дзе людзі будуць пазбаўляцца ад непатрэбных рэчаў дзеля добрых спраў. І мы вырашылі адкрыць такі праект у Гродне — назвалi „Новы дом“. Спадзяемся, што людзі ацэняць і скарыстаюцца», — распавядае Ганна.
Пазбавiцца ад хламу — зрабiць добрую справу
Праектам Ганна займаецца са сваім маладым чалавекам Арсеніем, які адказвае за камерцыйную частку. Нядаўна актывісты стварылі адмысловы сайт, дзе ўсё падрабязна распісалі.
«Ідэя не новая, але нам вельмі спадабалася. Мы даўно шукалі магчымасці масава змяніць культуру спажывання, пераключыўшы яе ў эка-рэжым. Мы цікавіліся і аднаўляльнымі крыніцамі энергіі, і другасным выкарыстаннем рэсурсаў, і перапрацоўкай матэрыялаў. Але спыніцца вырашылі на праекце, дзе можна аб’яднаць пазбаўленне ад хламу, унікальную творчасць і дапамогу іншым. Галоўная мэта „Новага дома“ — даць другое жыццё старым рэчам, а сродкамі, атрыманымі з іх продажу, дапамагаць іншым. Выдатна пазбаўляцца ад хламу і пры гэтым ведаць, што ты робіш добрую справу».
Працуюць ініцыятыўныя гродзенцы па трох напрамках:
Першае — вываз старых рэчаў. Трэба пакінуць заяўку на сайце або па тэлефоне. Актывісты дамаўляюцца аб зручным для ўсіх часе і пасля гэтага вывозяць хлам. Ёсць верагоднасць, што за старыя рэчы атрымаеш узнагароду: напрыклад 1 рубль за кожную катэгорыю рэчаў.
Другое — чыстка, рамонт і дэзінфекцыя рэчаў. У Ганны з Арсеніем ужо ёсць склад, дзе яны збіраюць і прыводзяць у парадак рэчы. Там жа будуць знаходзіцца творчыя майстэрні, дзе кожны зможа прыняць удзел у рэстаўрацыі прадметаў. На дадзены момант складаецца праграма мерапрыемстваў.
Трэцяе — продаж. 50% прыбытку актывісты ахвяруюць на дабрачыннасць ад імя ўладальніка рэчаў, а астатнія 50% укладаюць у развіццё праекта.
«Мы не плануем з гэтага здабываць камерцыйную выгаду для сябе. Мы маем іншыя крыніцы даходу. Мы не альтруісты, проста хочам зрабіць мінімум камерцыі і максімум дабрачыннасці. Мы ўжо атрымліваем першыя заяўкі на вываз непатрэбных рэчаў. Таксама да нас далучаюцца фатографы, дызайнеры, проста неабыякавыя людзі, якім цікавая наша дзейнасць. Наша галоўная задача — даць зразумець людзям, што не прыкладаючы вялікіх намаганняў можна зрабіць гэты свет крышачку лепшым».
«Здаровая канкурэнцыя яшчэ нікому не замінала»
Зусім нечаканым для Ганны з Арсеніем было тое, што ў горадзе ў той самы час з’яўляецца падобны праект — «Склад 95». Там таксама збіраюць непатрэбныя рэчы.
«Яны першыя стварылі групу Вконтакте, а мы першымі запусцілі сайт. Абодва праекты яшчэ на пачатковым этапе.
У нас ёсць адрозненні ў тэматыцы і падыходзе да справы. Мы плануем выплачваць людзям грашовую прэмію за рэчы, «Склад 95», наколькі мы ведаем, — не. Таксама мы робім акцэнт на творчы складнік і пэўную арт-прастору, даступную ўсім. Абодва праекты знаходзяцца ў пачатковай стадыі, таму казаць аб істотных адрозненнях пакуль рана. Мы яшчэ не былі ў гасцях у «Склада 95″, а яны не былі ў нас. Здаровая канкурэнцыя яшчэ нікому не замінала. Пажывём — пабачым».