Пра беларускую мову ў бізнесе размаўлялі на чарговым паседжанні Гродзенскага дыскусійнага клуба ў Цэнтры гарадскога жыцця. Выступілі гродзенскія прадпрымальнікі і госць з Гомеля Ігар Случак, натхняльнік кампаніі «Справаводства па-беларуску».
На спатканні кожны з іх падзяліўся ўласным досведам ужывання роднай мовы ў бізнесе і справаводстве.
Расіянам мова падабаецца, беларускім дзецям — не
Уся рэклама турыстычнай фірмы «Мерцана» — па-беларуску. Нават там, дзе ёсць нейкае супрацоўніцтва, напрыклад, з аграсядзібамі, часта рускамоўнымі, яны ўсё адно схіляюць партнёраў рабіць супольную рэкламу на беларускай мове, кажа кіраўнічка фірмы Ганна Шарэнда.
«Мы прадаем для турыстаў Беларусь, таму на якой мове працаваць, ад пачатку пытанне не паўставала. Маем пераважна пазітыўны досвед працы з кліентамі па-беларуску. Тыя ж расіяне, якія прыязджаюць, насамрэч знаюць Беларусь лепей за саміх беларусаў і ставяцца да мовы станоўча, як да неад’емнай часткі краіны. З беларускімі дзецьмі цяжэй — як правіла, яны хочуць па-руску», — кажа Ганна.
Галоўнае — быць простым, адкрытым і не камплексаваць
Юры Галянеўскі, уладальнік крамы будматэрыялаў «Юрась», бізнесам займаецца амаль 20 гадоў. Да беларушчыны прыйшоў крыху раней, у першыя гады незалежнасці. І калі Беларусь пачала спаўзаць у савецкае мінулае: змянілі сцяг, герб, прынізілі родную мову — ён пачаў задумвацца пра несправядлівасць у дачынні беларускасці. Зразумеў - трэба пачаць з сябе.
«На той момант я быў ужо дарослым чалавекам, які вывучыўся ў рускамоўнай школе, асяроддзе было рускамоўным. Але вяртацца да каранёў было лёгка. Хоць не ўсё адразу выходзіла чыста па-беларуску. Я і зараз дзе-нідзе магу не ведаць, як сказаць нешта на роднай мове, дык скажу па-руску», — расказвае Юры.
Людзі пачалі заступацца за мову
«У пачатку былі і негатыўныя рэакцыі, што дзіўна, асабліва з боку саміх жа беларусаў: „почему разговаріваешь не на правільном языке?“ Але апошнія гадоў 5−7 адчуваюцца змены стаўлення людзей да беларускай мовы, — заўважае Юры. — Зараз у маёй краме працуе рускамоўны хлопец. Заходзіць нядаўна адна пакупніца і пытае: а чаму гэта ў вас па-беларуску не размаўляюць?»
[irp posts="2301″ name="Самая беларуская будаўнічая крама: асаблівасці трымання беларускамоўнага бізнесу ў Гродне"]
Іншым разам зайшла наведвальніца, як аказалася пазней, з Расіі. Юры толькі прывітаўся з ёю беларускай мовай, як яна заенчыла: «только не по-белорусскі». Іншыя кліенты, якія знаходзіліся ў краме, пачалі ў яе пытацца: «А адкуль вы гэта, што беларускай мовы не разумееце?! Можа з вамі трэба па-англійску ці па-літоўску?».
«Людзі так пачалі заступацца за мову, што я ледзь абараніў гэтую пакупніцу, — узгадвае Юры. — Важна не ўпадаць тут у варожасць, а спакоем і цярпеннем схіляць да беларускасці пакупінкоў.
Мова гэта не толькі зручна, але і выгадна
Таксіст Сяргей Верамеенка прынцыпова пачынае размову з кліентамі па-беларуску. Калі здараецца, што кліент сапраўды не разумее, ён дае на выбар яшчэ тры мовы камунікацыі. А замежныя турысты наогул вельмі станоўча ставяцца да беларускай мовы: яна для іх ёсць адной з адметнасцяў таго, што яны трапілі ў іншую краіну — не Расію.
«Учіте русскій язык — расшіряйте кругозор…»
Ігар Случак, каардынатар кампаніі «Справаводства па-беларуску», актыўна займаецца папулярызацыяй роднай мовы з 2009 года. Тады ён удзельнічаў у чарговым З’ездзе Беларусаў Свету, як студэнт Тартускага Універсітэта. На З’ездзе міністр культуры Павел Латушка заявіў, што хоча зрабіць усё міністэрства цалкам беларускамоўным.
«Таксама тады ўразіла лепшае чым у мяне валоданне беларускай мовай у тагачаснага пасла Швэцыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана, — узгадвае Ігар. — Такі порух беларушчыны мяне і натхніў да дзеяння».
[irp posts="14 766″ name=""Моўны інспектар" у гродзенскім «Евроопте»: ці атрымаецца прадаваць «буракі» замест «свеклы»?"]
«Я зразумеў, што трэба нешта змяняць у заканадаўстве. А з прадстаўнікамі ўлады і адміністрацыі розных узроўняў трэба размаўляць на іх „слове“: сухім юрыдычным слове бюракратыі», — кажа Ігар.
Атрымалася праз адпаведных дэпутатаў ў Парламенце зрабіць дапаўненні ў Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, дзе прапісалі, што адказ на пісьмовы зварот мае быць на мове, на якой быў напісаны гэты зварот.
«Ад 2012 года ніхто не мае права мне заявіць, каб я „расшірял свой кругозор“. Пасля такой удачы я вырашыў паспрабаваць пайсці з беларускай мовай да бізнесу, рэкламы, да спорту, — кажа Ігар. — Найбольш удалося гэта з футбольнымі клубамі. У гэтым сезоне будзе ўжо восем каманд, якія пішуць свае прозвішчы на футболках па-беларуску».
Гродна парадаваў
Гродзенскі «Нёман», па версіі Ігара Случака, — адзін з самых беларускамоўных клубаў краіны: ёсць паўнавартасная беларускамоўная версія сайта, карткі заўзятараў, слоўнік тэрмінаў, дыктары размаўляюць на мове падчас гульняў. Наогул, Гродна парадаваў Ігара: на сустрэчы ён пабачыў, што па-беларуску можна не толькі турызм весці, але нават будматэрыялы прадаваць.
Мінгандлю — супраць мовы
Зараз найбольш супраціўляецца беларускай мове Міністэрства гандлю, кажа Случак. «На нашыя звароты яно дае адказы, што беларуская мова на этыкетках значна павялічыць кошты прадукцыі, што знізіць паступленні падаткаў у бюджэт. І гэта пры тым, што буйныя прадпрыемствы, як Вэлком, МТС, Керамін, Гарызонт і іншыя сцвярджаюць, што няма праблем з беларускай мовай!»
Ігару няясна, чаму дзяржава так упарціцца зменам, якія ўжо не спыніць — варта паглядзець, колькі нават рэкламы ў тэлевізіі па-беларуску.
Спадзеў - на маладых чыноўнікаў
З кожным годам абнаўляецца чынавенскі апарат, туды прыходзіць усё больш маладых людзей. Для гэтай новай генерацыі чыноўнікаў, якія ўсё жыццё пражылі ў суверэннай Беларусі, беларуская мова будзе не нейкі «мёртвый нікому ненужный язык», а нацыянальная каштоўнасць, упэўнены Ігар.
Прыклад Бацькі
Грамадская думка таксама ўсё больш пазбаўляецца правінцыйных комплексаў у дачыненні да беларускай мовы. Яна будзе штурхаць улады да нарматыўнага павароту ў бок беларушчыны. Хоць, Ігар не адмаўляе, лягчэй прасоўвалася б родная мова ў грамадстве з вышыняў.
«Паглядзіце на выступы нашага прэзідэнта, калі ён, хоць і зрэдку, размаўляе на роднай мове — лепей чым па-руску: без акцэнту, нават голас становіцца лагаднейшы. Калі ён лічыцца Бацькам, дык вось няхай ён, як добры бацька, і дае сваім гадаванцам прыклад, як размаўляць у роднай мове».