Больш за 50 твораў беларускіх дызайнераў прадставілі гродзенцам на выставе «Беларускі плакат. Візуальны код часу», што адкрылася 6 сакавіка ў Цэнтры гарадскога жыцця. Гэта не толькі мастацкія працы, але і гістарычныя дакументы, сведчанні эпохі. Кіраўнік Саюза дызайнераў Беларусі Дзмітрый Сурскі кажа, што «гэта частка беларускай візуальнай мовы, каторая вядома ўсяму свету». Беларускія плакаты экспануюцца ў галерэях Францыі, Чэхіі, Фінляндыі, Злучаных Штатаў ды іншых краін. На радзіме ж яны застаюцца малавядомымі. Сёлета, з нагоды 30-годдзя Саюза дызайнераў, выставу пакажуць ва ўсіх абласных цэнтрах цэнтрах. Гродна стаў другім пасля Брэста горадам, дзе яе дэманструюць.
«Цікавая і моцная з’ява»
Менавіта так акрэсліў беларускі плакат мастак Аляксандр Сільвановіч. «Важна, каб людзі ведалі, што плакат — гэта не толькт КукРыНікСы ці савецкія карцінкі пра шпіёнаў, што ў беларускага плаката ёсць свая эстэтыка і цікавыя знаходкі». Што да актуальнасці плаката, то некаторыя тэмы і формы твораў з 90-х і нулявых застаюцца зразумелымі і надзённымі да сёння.
Важнасць выставы менавіта для Гродна, яго меркаваннем, у тым, што пабачыць творы змогуць студэнты, навучэнцы каферды дызайну з універсітэта і коледжа мастацтваў. Гэта тое, што павінна іх «падсілкаваць».
«Ідэя раз і назаўсёды»
На думку мастака Алеся Сурава, плакат і сёння застаецца актуальнай формай лаканічнага выказвання ідэі. У вехах жыцця змяняецца толькі яго стылістыка. «Зараз плакат набывае яшчэ большую выразнасць і запатрабаванасць. Уявіць сабе мегаполіс без плаката проста немагчыма. Гэта самыя моцныя і яркія „плямы“ гарадской прасторы. Не важна, з чым звязаны — з музычнымі рэчамі, ці з чым іншым. Заўсёды ёсць плакат. Гэта — ідэя раз і назаўсёды».
Тое, што плакат стаў неад’емнай часткай сучаснага жыцця, людзі часам проста не заўважаюць, лічыць мастак. Плакат у многім змяніў форму, ператварыўся ў прынт, стаў часткай дэкору, перайшоў з паперы на вопратку. Плакатны дызайн стаў шырэйшым, цікавейшым і знайшоў шляхі для далейшага развіцця.
Ад білбордаў да фотажабаў
Плакат, паводле аўтара выставы Дзмітрыя Сурскага, развіваецца і далей. Сёння ён з’яўляецца ў розных формах — ад масштабных білбордаў да фотажабаў. «Гэта тыя ж прыемы — сціслыя, гіпербалічныя, нешматслоўныя візуальна выказванні». Такія жанры як тэатр ці рэклама таксама ў многім карыстаюцца яго сродкамі. Нават карцінкі на старонках сацыяльных сетак па сутнасці з’яўляюцца плакатамі, ствараюць візуальнае атачэнне свайго часу.
Што да беларускіх плакатаў, то многія з прац канца мінулага стагоддзя не адбалелі ў Беларусі і да сёння. «Тэма вайны і міру - спрадвечная. „Голуб-слімак“ зразумелы і зараз. Ён паказвае, як павольна мы рухаемся ў тым накірунку».
Выстава, што будзе экспанавацца ў Гродне да канца сакавіка — гэта частка праекта па стварэнні адзінага лічбавага архіва беларускага плаката. Праект мае на мэце не толькі пашыраць веды пра гэту галіну мастацтва, але і знаходзіць малавядомыя творы беларускіх дызайнераў. Ужо зараз іх сабрана каля 1000. Вынікам працы, апроч лічбавага архіва, мае стаць і альбом-каталог беларускага плаката.