Кулінарнае падарожжа ў Гродна гурманаў з мінскага LeGourmet club пачалося з «Мядовага шляху» ў Парэччы і скончылася дэгустацыяй самагонкі ў Каробчыцах. За два дні ў нашым горадзе, 1 і 2 ліпеня, сталічныя кулінары наведалі «Кубу», «Несцерку», «Кронан», «Просто кофе» і «Замак Зеваны». Мэтай падарожжа было знайсці цікавыя і смачныя месцы за межамі Мінска і распавесці пра магчымасці кулінарных падарожжаў па краіне.«Нельга паабяцаць, што нам усё спадабаецца, — адзначала на пачатку гродзенскага кулінарнага тура Наталля Чаўко, адна з арганізатарак клуба і падарожжа, кіраўнічка дыеталагічнага сервіса „Счастье есть“. — Мы будзем аб’ектыўна падыходзіць да ацэнкі, бо хочам знайці па ўсёй краіне людзей, што не менш за нас любяць гатаваць ежу і натхняюцца кулінарыяй».
Наша «Эйфелева вежа»
Той факт, што ў Беларусі захаваліся традыцыі дамашняга гатавання, можа стать не меншай адметнасцю краіны, чым Эйфелева вежа для Францыі, лічыць Наталля.
«Нам важна зразумець, што эксклюзіўная дамашняя ежа — гэта тое, чым мы можам ганарыцца. Еўропа ўжо не гатуе. А ў нас гатуюць практычна ў кожнай сям'і. У асноўным гэта жанчыны, але і мужчыны сярод хатніх кухараў ёсць. Палова з іх гатуюць вельмі добра, а палова ад гэтай паловы — проста на ўзроўні сусветных шэфаў».Гатаванне такіх кухараў можа стаць крыніцай натхнення і для прафесіяналаў, мяркуе Наталля. Прынамсі, журы першага фестывалю Ле Гурмэ ацаніла яго вельмі станоўча. «Я казала ім, што не трэба адразу ехаць за мяжу вучыцца. Варта спачатку знайсці ў Беларусі такіх людзей, для каторых гатаванне — гэта само жыццё і пераняць спачатку іх досвед».
[irp posts="26 948″ name=""Куба — любоў мая". Чым зачараваў мінчукоў гродзенскі бар"]
Гродна — першы
Пошуку натхнёных ежай асобаў і была прысвечана першая паезка Ле Гурмэ ў рэгіёны. Гродна мінскія гурманы выбралі, як «самы прасунуты і набліжаны да Еўропы беларускі горад».У кампаніі, што наведала Гродна, былі прафесійныя кухары, кіраўнікі ўстановаў харчавання, дамашнія кулінары-аматары, блогеры і фуд-фатографы. Многія з іх пішуць пра ежу і смачныя месцы краіны на сваіх сайтах і старонках у сацсетках. «Мы раскажам пра ўражанні будучым вандроўнікам, што збіраюцца ў Гродна», — абяцае Наталля Чаўко.
Мясцовыя эксперты кепскага не параяць
Каб спланаваць маршрут, аматары кулінарыі і падарожжаў звярнуліся да мясцовых калегаў. «Раней, калі мы самі з мужам ездзілі у гастранамічныя туры, то абавязкова шукалі выхад на мясцовых з асяроддзя, блізкага да харчовай вытворчасці і кулінарыі», — распавяла Алена Ясюкайтэне, кулінар-энтузіяст.«Для першага калектыўнага выезду клуба таксама быў патрэбен мясцовы эксперт і мы папрасілі Вольгу Гаўрылік з „Мядовага шляху“ стаць нашым гідам. У месцах, якія яна параіла наведаць у Гродне, сапраўды працуюць фанаты сваёй справы — адкрытыя і пазітыўныя. Было вельмі цікава з імі пазнаёміцца і я вельмі задаволена, што мы іх знайшлі».