Удзельнікаў акцый на Дзень Волі 25 сакавіка 2024 года ў розных гарадах замежжа беларускія сілавікі прызналі падазронымі па паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Людзям, уключаным у спіс Следчага камітэта, пагражае канфіскацыя маёмасці, якая належыць ім у Беларусі.

Следчы камітэт Беларусі атрымаў дадзеныя 104 чалавек, піша БелТА, і спіс увесь час папаўняецца, удакладнілі ў СК. Гэтыя людзі прызнаны падазраванымі па так званай крымінальнай справе «Беларусаў замежжа». Артыкулы, паводле якіх хочуць абвінаваціць удзельнікаў акцый — 361−1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім) і 369−1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

25 сакавіка штогод беларусы адзначаюць угодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г. — першай нацыянальнай дзяржавы. У 2018−2019 гг. у Гродне масавае святкаванне праходзіла з дазволу ўлад.

Сярод гарадоў, дзе сёлета праходзілі вулічныя акцыі на Дзень Волі, на якія звярнулі ўвагу сілавікі - Варшава, Вільнюс, Уроцлаў, Беласток, Брусель, Батумі, Прага, Каліфорнія, Філадэльфія і іншыя.

«Гэтыя сходы суправаджаліся выкарыстаннем нацыяналістычнай сімволікі, абразлівымі лозунгамі, якія распальваюць сацыяльную варожасць сярод беларусаў, заклікамі да эканамічнага і палітычнага ціску на нашу краіну», — заявіў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.

У межах расследавання гэтай крымінальнай справы атрымана інфармацыя пра нерухомасць і маёмасць, якія належаць падазраваным на тэрыторыі Беларусі. «Зараз праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладанні арышту на маёмасць і іншыя працэсуальныя мерапрыемствы, Следчым камітэтам будуць прыняты вычарпальныя мерапрыемствы па забеспячэнні прынцыпаў незваротнасці пакарання і кампенсацыі шкоды, у тым ліку ў рамках спецыяльнай вытворчасці», — падкрэслілі ў СК.

Як гэта працуе?

Спецвытворчасцю ў беларускім заканадаўстве называюць судовая вытворчасць у дачыненні абвінавачаных, якія знаходзяцца за мяжой або іншым чынам «ухіляюцца ад яўкі» ў адпаведныя органы. Гэты механізм з’явіўся ў Крымінальным кодэксе ў 2023 годзе. Ён дазваляе судзіць людзей завочна і адбіраць у іх маёмасць у кошт «шкоды».

Сярод гродзенцаў, супраць якіх раней ужо паспелі распачаць спецвытворчасць — уладальнік крамы «Адметнасць» Сяргей Верамеенка, праваабаронца Віктар Хільмановіч, былая дырэктарка дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка, дырэктарка Цэнтра новых ідэй Леся Руднік, актывіст Ежы Грыгенча, палітык Вадзім Саранчукоў, гісторык Алесь Кіркевіч, Павел Міцкевіч і Дзяніс Чашчавік. Усе гэтыя людзі жывуць па-за межамі Беларусі.