Гарадскі выпускны ў Гродне ўпершыню пройдзе 14 чэрвеня. Месцам святкавання выбралі Савецкую плошчу.

Падчас свята на плошчы плануюць арганізаваць вялікі канцэрт з удзелам папулярных моладзевых выканаўцаў.

Глядзі поўную праграму гарадскога выпускнога.

Пра рашэнне правесці гарадскі выпускны ў Гродне расказаў старшыня пастаяннай камісіі Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў па пытаннях сацыяльнай сферы, справах моладзі і ветэранаў Сяргей Мазайла.

Хто менавіта выступіць на канцэрце і што яшчэ будзе на свяце, пакуль не ўдакладняюць. «Тут захаваю пакуль інтрыгу, як з 9 траўня. Але дам падказку маладзёжным слэнгам, будзе варушняк і выпускнікі будуць багатымі. Нічога лішняга», — напісаў дэпутат у сваім канале.

Чытайце таксама: Ад белых каўнерыкаў да гламурных шпілек. Як моднічалі гродзенскія выпускнікі ад 1950-х да нашых дзён

Лукашэнка забараніў «шык» на выпускных

У красавіку Лукашэнка заявіў, што ён супраць «сучасных выпускных» у школах, якія ператвараюцца ў «шоў на лімузінах і з наведваннем забаўляльных устаноў».

«Нейкі там «круцяк"‎ табе дапамог ці ты багацейшы — ты лімузін замовіў, прыехаў твой сын у школу. А як іншыя глядзяць? А як бацькі глядзяць? Гэта няправільна. Я публічна кажу: нам нельга гэта культываваць, нельга нам гэта падтрымліваць. Гэта дрэнна», — падкрэсліў Лукашэнка. Ён даручыў узяць пытанне правядзення выпускных на «жорсткі кантроль».

Пасля гэтага намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай сказаў, што пытанні правядзення выпускных вечароў у рэстаранах і кавярнях — гэта справа кіраўніцтва школы і бацькоўскага камітэта, але толькі з узгаднення ўладаў. Таксама ён прапанаваў розныя варыянты «сціплай» імпрэзы — напрыклад, уладкаваць самадзейны школьны капуснік або закласці алею.

У 2024 годзе ў Беларусі апошні званок для выпускнікоў 9 і 11 класаў пройдзе 25 траўня. Выпускныя вечары рэкамендуюць правесці 14 чэрвеня.