Гродзенскі святар Георгій Рой, які летась з’ехаў з Беларусі, патрапіў у расійскую базу крымінальнага вышуку. Раней на яго завялі крымінальную справу ў Беларусі, паведаміў святар Hrodna.life.

“Асаблівая прыкмета: святар”. Гродзенца Георгія Роя абвясцілі ў вышук у Расіі 
Георгій Рой у Гродне. Фота: Hrodna.life

Пра тое, што Георгій Рой знаходзіцца ў вышуку ў Расіі, святар даведаўся з Telegram-канала «Хрысціяне супраць вайны».

«Я ведаў, што на мяне заведзена крымінальная справа ў Беларусі і, адпаведна, пра тое, што я ў вышуку. Тут проста наступны крок — беларускія сілавікі перадалі мае дадзеныя ў Расію, — сказаў Рой. — Усё гэта было цалкам прадказальна, таму нейкіх асаблівых эмоцый не маю. Цікава і крыху нават смешна, што ў аб’яве пра росшук адносна асаблівай прыкметы напісалі „святар“. Вось такі „прыкметны святар“ атрымаўся».

Чаму ў базе ў святара іншае імя?

У базе вышуку святар пазначаны як Рой Юрый Вячаслававіч, бо паводле пашпарта ў яго менавіта такое імя.

«Паводле пашпарта і ў сям'і мяне завуць Юрый. Але гэта славянскае імя адпавядае грэчаскаму і царкоўнаму Георгій. Мяне хрысцілі ў гонар Юрыя/Георгія Пераможца. Таму ў царкве маё імя Георгій».

Чым зараз займаецца Георгій Рой?

Вясной 2023 года гродзенскі святар Георгій Рой з’ехаў з Беларусі. Яго разам з мінскім іерэем Аляксандрам Кухтам прынялі ва Усяленскі патрыярхат праваслаўнай царквы, які размяшчаецца ў Стамбуле. Ім кіруе Патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей.

Георгій Рой быў раней настаяцелем Пакроўскага сабора ў Гродне. Яго ў ліпені 2021 года знялі з гэтай пасады і накіравалі служыць у храм у вёсцы Квасоўка побач з Гроднам. Рой быў адным з некалькіх праваслаўных святароў, якіх знялі з пасадаў пасля прымусовай адпраўкі на пенсію архіепіскапа Арцемія, які меў імідж прадэмакратычнага іерарха. У красавіку 2022 года Георгій Рой падпісаў зварот святароў РПЦ з заклікам да прымірэння і сканчэння вайны ва Украіне.

Святар пасяліўся ў Вільні. Там разам з Аляксандрам Кухтам яны арганізавалі Беларускі праваслаўны прыход. У кастрычніку 2023 года Telegram-канал «Беларускі праваслаўны прыход у Вільні» унеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.