Атрымаць тавары з-за мяжы павінна была рэлігійная місія Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Памежнікі знайшлі сярод іх і незадэклараваныя рэчы — за іх далі штраф у 30% ад кошту прадмета правапарушэння (554,94 рубля). Справу паводле ч. 1 арт.15.5 КаАП разгледзелі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна.

У пункце пропуску, праз які ехала гродзенка, яна задэкларавала:

  • мыліцы б/у;
  • хадункі б/у;
  • інвалідны вазок без электрапрывада б\у;
  • крэсла для душа б/у;
  • тэкстыль/адзенне б/у ў скрынках;
  • тэкстыль/адзенне б/у ў мяшках;
  • абутак б/у;
  • падушку б/у;
  • дзіцячае аўтамабільнае крэсла б/у;
  • ложак бытавы, драўляны б/у;
  • ровар б/у;
  • дзіцячую калыску б/у;
  • матрац б/у;
  • керамічны кухонны посуд б/у.

На гэта была мытная накладная. Заяўлены кошт — € 13 756, вага брута -13 141 кг. Памежнікі правялі дагляд і знайшлі яшчэ 41 скрынку абутку і сем мяшкоў адзення на 1849,79 рублёў або 46,24 базавых адзінак. Менавіта за іх гродзенку і аштрафавалі. Ці належылі гэтыя рэчы таксама рэлігійнай місіі, невядома.

У Гродзенскай дыяцэзіі каталіцкага касцёла дзейнічае рэлігійная місія «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас». Супольнасць дапамагае бедным, хворым, людзям з інваліднасцю і тым, хто апынуўся ў складанай сітуацыі.

Чытайце таксама: Штрафы на € 816 тысяч, канфіскавалі больш за € 290 тысяч — як у Гродне каралі за недэклараванне на мяжы