У гродзенскім філіяле Парку высокіх тэхналогій у апошнія выходныя красавіка прайшоў 48-гадзінны міжнародны хакатон NASA Space Apps Challenge, мэтай якога з’яўляецца пошук інавацыйных рашэнняў глабальных задач з выкарыстаннем адкрытага API, распрацаванага NASA. Хакатон пад эгідай амерыканскага аэракасмічнага агенцтва праходзіў у Гродне ўпершыню. Пераможцам стала каманда Itibo SolarCity з праектам па кіраванні сонечнымі батарэямі на дахах дамоў.

Гэты ж праект атрымаў i прыз глядацкіх сімпатый. Другім намінантам, які прайшоў у наступны этап, стала каманда AirCot з праектам Sky Walker. Гэта дадатак для падарожжаў, які дазваляе ў час палёту глядзець славутасці горада, над якім пралятаеш.

Усяго ад гродзенскай лакальнай пляцоўкі ў міжнародным хакатоне удзельнічала сем каманд з рознымі ідэямі: ад сонечных батарэй на дахах да разліку верагоднасці жыцця на іншых планетах.

У Беларусі толькі дзве пляцоўкі: мінская і гродзенская

Мэтай штогадовага хакатона NASA Space Apps Challenge з’яўляецца пераадоленне прорвы паміж інавацыйнымі распрацоўкамі і іх практычным прымяненнем.

У гэтым годзе хакатон прайшоў у шосты раз і паставіў рэкорд па колькасці ўдзельнікаў і лакальных пляцовак: амаль 25 тысяч удзельнікаў, 187 лакальных пляцовак у 69 краінах па ўсім свеце. Беларусь прадставілі мінская і гродзенская лакальныя пляцоўкі. У мерапрыемстве ўдзельнічалі праграмісты, UI-дызайнеры, фізікі, матэматыкі, геймдызайнеры, аналітыкі, астраномы, інжынеры і проста неабыякавыя да космасу людзі.

Усіх удзельнікаў хакатона аб’яднала галоўная тэма — планета Зямля. Каманды прапаноўвалі свае рашэнні самых розных задач у пяці катэгорыях.

Пасля завяршэння хакатона глабальнае журы пры ўдзеле экспертаў NASA на працягу трох тыдняў вызначыць лепшыя праекты па спецыяльных катэгорыях. Глабальныя пераможцы атрымаюць запрашэнне на запуск NASA.