Футбольнае поле са штучным пакрыццём пад надзіманым купалам, якое каштавала 1,2 млн рублёў, урачыста адкрылі ў Гродне 23 лютага. На адкрыццё першага такога спартыўнага аб’екта ў Беларусі прыехалі прадстаўнікі федэрацыі футбола на чале са старшынёй Сяргеем Румасам. Федэрацыя выступіла спонсарам будаўніцтва, горад жа займаўся падасновай манежа і падключэннем сетак.
Манеж у Пышках можна будзе выкарыстоўваць цэлы год і практычна кругласутачна. Плануецца, што спартыўны аб’ект будзе даступны для трэніровак асноўнай каманды горада, а таксама дзіцячых футбольных школ «Нёмана» і «Белкарда». У будучыні поле змогуць арандаваць і жыхары горада.
«Наша краіна не можа пахваліцца круглагадовым добрым надвор’ем для гульні ў футбол, таму цяжка пераацаніць значнасць падобных збудаванняў. Гэты падарунак, які федэрацыя разам з вобласцю і горадам зрабіла для ўсіх гродзенцаў. Гэта пацверджанне таго, што мы шмат увагі надаем развіццю футбольнай інфраструктуры. Зараз юныя футбалісты атрымаюць магчымасць круглы год займацца і ўдасканальваць сваё майстэрства», — адзначыў на адкрыцці манежа Сяргей Румас.
Такія спартыўныя аб’екты плануецца адкрыць і ў іншых буйных гарадах Беларусі. Наступным стане Брэст.