Жыхар горада Крэменкi, што ў Калужскай вобласці Расіі, Ягор Кавалёў, 30 студзеня выклаў у інтэрнэт відэа. На ім паказана, як за 12 дзён мужчына даехаў на ровары з Гродна ва ўкраінскі горад Ужгарад.

Маршрут расіяніна склаў 1200 км. Каб стартануць з Гродна, мужчына адмыслова прыехаў на цягніку з Расіі на захад Беларусі.

«Яшчэ ў 2011 годзе захварэў Беларуссю, гэта было першае знаёмства. тады прыязджалі кампаніяй пакатацца на роварах па Мінску і наваколлі. У тым жа годзе спантанна задумалі з сябрамі маршрут па паўночнай частцы Беларусі: Віцебск-Полацк-Браслаў-Нарач-Мінск. Гасціннасць, чысціня і ідэальныя дарогі ўразілі нас. Тады з’явілася чарговая думка пра падарожжа, толькi ўжо па заходняй і паўднёвай частцы Беларусі», — кажа Ягор.

Праз пяць гадоў мужчына вярнуўся ў Беларусь. Пачаткова ён планаваў велазабег Брэст-Ужгарад, але пасля вырашыў, што для яго гэта будзе надта маленькая адлегласць. Таму перанёс старт у Гродна.

1
«Я хацеў убачыць Карпаты восенню, тут усё і склалася. Адправіўся з Гродна ў сярэдзіне кастрычніка, але было мала часу паглядзець горад. Адзінае што ўбачыў - вакзал, супермаркет і прамая дарога праз цэнтр. Але я б прыехаў на некалькі дзён у гэты горад, пазнаёміцца з ім без мітусні.

Па беларускім баку было вельмі прыемна ехаць, добрыя дарогі - ніякіх цяжкасцяў. Складанасці пачаліся на мяжы з Украiнай- не пусцілі мяне. Памежнікі спаслаліся на тое, што няма неабходнай сумы грошай на час знаходжання ў краіне".

У выніку Ягору давялося страціць амаль дзень і адправіцца за 100 км у іншы прапускны пункт, дзе яму ўсё ж удалося праехаць.

«Пашанцавала, што ўзяў пасведчанне аб шлюбе, дзе напicана, што жонка грамадзянка Украіны, інакш бы не пусцілі».

Маршрут Ягора: Гродна — Свіслач — Ваўкавыск — Падароск — Ружаны — Пружаны — Камянец — Брэст — Ковель — Луцк — Гарохаў - Львоў - Самбор — Ст.Самбор — В.Березный — Ужгарад + дзень у Кіеве (праездам). За час свайго падарожжа мужчына начаваў прынцыпова ў палатцы.