Фірма «Трыніці Інвест», якой валодаюць уласнікі гродзенскай «Контэ Спа» сям’я Байко, атрымала 245 млн злотых (55 млн еўра) крэдыту на будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтра Trinity ў Гродне. Дамову з польскім банкам BGK падпісалі 16 снежня. Крэдыт забяспечвае польская ўрадавая праграма фінансавай падтрымкі экспарту.

Генеральным падрадчыкам будаўніцтва з’яўляецца фірма Unibep з Бельска Падляшскага. У красавіку 2015 года яна падпісала з «Трыніці Інвест» дамову на амаль 66 млн еўра. З іх каля 10 млн меў заплаціць беларускі інвестар. Збудаваць гандлёва-забаўляльны цэнтр плануецца да канца 2018 года, піша партал money.pl.

Грошы забяспечвае польская дзяржава

BGK — Bank Gospodarstwa Krajowego — гэта польскі дзяржаўны банк развіцця, які з’яўляецца ініцыятарам і рэалізуе праграмы для эканамічнага развіцця Польшчы. Крэдыт для «Трыніці Інвест» — самы буйны ў гісторыі польскай урадавай праграмы. Гэта таксама першы ў гісторыі польскай банкаўскай сістэмы крэдыт, непасрэдна выдадзены беларускай фірме.

«Так мы падтрымліваем развіццё Unibep у Польшчы і на замежных рынках», — сказаў Аркадыюш Заблоньскі, намеснік дырэктара дэпартамента структурнага фінансавання BGK. Падтрымка замежнай экспансіі польскіх фірм — адна з асноўных мэтаў дзейнасці банка, падкрэсліў ён.

Забяспечвае сплату крэдыту Карпарацыя Страхавання Экспартных Крэдытаў (KUKE) — гэта інстытуцыя, якая з 1991 году забяспечвае працу польскіх фірм, у тым ліку экспарт паслуг, на небяспечных і нестабільных рынках. Гарантам страхавання з’яўляецца польскі бюджэт.

Грошы, атрыманыя «Трыніці інвест», павінны непасрэдна патрапіць да Unibep, каб не было рызыкі адсутнасці аплаты за працу.

Unibep ужо будаваў у Беларусі

Unibep ужо мае вялікі досвед будаўніцтва ў Беларусі. Да чэмпіянату свету па хакеі фірма збудавала ў Мінску чатырохзоркавы гатэль «Вікторыя». Гэта адзіная польская фірма, якая атрымала пяцігадовую ліцэнзію на будаўніцтва і генеральны падрад у Беларусі.

У жніўні 2015 Unibep падпісала дамову з дзяржаўным прадпрыемствам «Аква-Мінск» на праектаванне і будаўніцтва ў мінскай Серабранцы культурна-спартовага цэнтру з двума спартовымі заламі, адміністрацыйнай і гатэльнай часткай, басейнам і паркоўкай. Сума кантракта — 26,8 млн еўра. Тады было абвешчана, што інвестыцыю прафінансуюць польскі банк BGK (85%) і беларускі Белаграпрамбанк (15%).

Група Unibep займаецца будаўніцтвам жылля, прамысловых, гандлёвых, спартовых і іншых будынкаў. Працуе ў Польшчы, Скандынавіі і Усходняй Еўропы. Выручка за 2015 года дасягнула 1,24 млрд злотых (310 млн еўра).


Цэнтр Trinity будзе мець больш за 60 тыс. кв.м. паверхі, офісны будынак у комплексе - больш за 5 тыс. кв.м. Запланавана паркоўка на 2,2 тыс. аўто.