У драматычным тэатры праходзіць выстава прысвечаная 150-годдзю Льва Бакста. Аўтарамі 30 прац, якія выстаўлены ў фае, з’яўляюцца навучэнцы мастацкіх устаноў Гродзеншчыны. Пасля гэтай выставы, большую частку твораў прадставяць таксама ў Парыжы.

Усяго на конкурс, арганізаваны каледжам мастацтваў і аддзелам культуры аблвыканкама, было заяўлена больш за 60 прац, звязаных з жыццём і творчасцю вядомага мастака. Адбор прайшлі толькі 30 лепшых прац.

Па ініцыятыве ЮНЭСКА 2016 год абвешчаны «Годам Бакста». Вядома, што з 21 па 25 лістапада лепшыя творы гродзенскіх мастакоў будуць экспанавацца ў штаб-кватэры гэтай арганізацыі ў Парыжы.

Леон Бакст (сапраўднае імя Леў Розенберг) нарадзіўся ў 1866 годзе ў Гродне, у сям'і габрэйскага вучонага-талмудыста. Яго талент раскрыўся ў поўнай меры ў Парыжы.

У Гродне імем знакамітага мастака названая вуліца, якая знаходзіцца на гарадской акраіне — у пасёлку Фабрычным.