Ураганы гэтага лета запомніліся гарадзенцам затопленымі вуліцамі, пашкоджанымі дахамі і паламанымі дрэвамі ў горадзе. За межамі горада разбурэнні былі не менш значнымі. Толькі ў ваколіцах Гродна ветравалам пашкоджана каля 65 гектараў лесу. Каб нанова засадзіць гэтыя плошчы, Гродзенскі лясгас запрашае арганізацыі і жыхароў горада узяць удзел у акцыі «Адновім лес разам!», што пачынаецца 8 кастрычніка. Работы па аднаўленню леса будуць праводзіцца на тэрыторыі Гожскага лясніцтва.
Пачнем ўвосень, скончым вясной
Пашкоджаныя ўраганамі часткі лясоў ужо падрыхтавалі да аднаўлення. Супрацоўнікі лясной гаспадаркі высеклі там астаткі камлёў дрэў і раскарчавалі пляцоўкі. Гэтай восенню плануюць пасадзіць новы лес на 30 гектарах. Падрыхтоўку астатніх плошчаў маюць скончыць да вясновых пасадак.
Бярозы ды сосны
Асноўныя масівы бураломаў у ваколіцах Гродна знаходзяцца на тэрыторыі Гожскага лясніцтва. Тут і плануецца працаваць гэтай восенню. Са словаў галоўнага ляснічага, ветравалы прайшліся ў асноўным па участках з лёгкімі глебамі. То для аднаўлення лесу будуць высаджваць у асноўным бярозы і сосны.
Сеянцы свае гадоўлі
Матэрыял для пасадак — сеянцы, вырашчаны таксама ў Гожскім лясніцтве. Мясцовы пітомнік-гадавальнік забяспечвае не толькі свае патрэбы, але і рэалізуе маладыя дрэўцы іншым лясгасам і насельніцтву. Сёлета Гожскімі сажанцамі аднаўляюцца лясы ў Мінскай вобласці, летась была вялікая замова з Расіі, дзе імі аднаўлялі знішчаныя пажарам лясы.
Разам аднавіць, разам захоўваць
Калі ж паглядзець на праблему захавання лясоў вакол горада трохі больш шырока, то галоўны ляснічы адзначае «дзве галоўныя бяды». Не меншую за ветравалы шкоду робяць тыя, хто ператварае лес у сметнік:
«У ваколіцах горада 275 садовых таварыстваў прымыкаюць да лесу. Кожныя выходныя сотні людзей едуць адпачыць на прыроду. На жаль, многія з іх лічаць за норму выносіць сваё смецце ў лес. Каб вычысціць і вывезці ўсё, мы трацім не менш сродкаў і высілкаў, чым на барацьбу з бураломамі», — зазначае Вячаслаў Міськевіч. Паводле яго, у лясной гаспадаркі зараз ёсць шмат магчымасцяў для якаснага догляду лясоў. Сярод іх і новыя хімічныя прэпараты, і сучасныя тэхналогіі. Зараз важна, каб да тэхнічных магчымасцяў спецыялістаў падцягнулася і культура мясцовай супольнасці. Каб аднавіўшы лес разам, захацелася разам яго зберагчы.