У Маладзечне 25 верасня гродзенскі «Нёман» правёў чарговы тур чэмпіянату Беларусі, дзе сустракаўся з «Іслаччу». Матч скончыўся з нулямі на табло.

На працягу ўсёй сустрэчы каманды паказалі роўны футбол і мелі нядрэнныя моманты для ўзяцця варот. Але ніводная з каманд не рэалізавала свае шанцы, таму лік заканамерны.

«Іслач» — «Нёман» — 0:0

У матчы з «Іслаччу» кіраваў гарадзенцамі старэйшы трэнер «Нёмана» Павел Бацюта. Кавалевіч жа быў дыскваліфікаваны федэрацыяй на два матчы з-за выказванняў у адрас суддзі.

«Мы разлічвалі ў гэтай гульні на перамогу. У першым тайме не так як трэба згуляла цэнтральная вось, а ў другім, лічу, каманда выглядала някепска», — адзначыў пасля матчу з «Iслаччу» Бацюта.

Пасля нічыі ў Маладзечне «Нёман» апусціўся на радок ніжэй у турнірнай табліцы і зараз займае 13-е месца. У актыве гарадзенскай каманды 22 ачкі. Наступны матч жоўта-зялёныя правядуць ужо ў Гродне. 30 верасня «Нёман» будзе прымаць мазырскую «Славію».