Віртуальны забег «След святога Губерта» 2026

віртуальны забег След святога Губерта 2026

Мы можам жыць у розных краінах і часавых паясах, але наша сэрца застаецца на берагах Нёмана. Сёння, калі для многіх гродзенцаў сустрэчы ў родным горадзе немагчымыя, рэдакцыя Hrodna.life прапануе стварыць новую супольную традыцыю і аб’яднаць гродзенскую дыяспару па ўсім свеце.

Мы запускаем першы гродзенскі віртуальны забег!

Наш віртуальны забег гэта карысная для здароўя актыўнасць, дзякуючы якой кожны гродзенец, як бы далёка не быў ад Радзімы, можа прадэманстраваць любоў да свайго горада, атрымаць памятны медаль і адначасова падтрымаць мясцовае медыя.

Ці гэта значыць, што забег адкрыты толькі для гродзенцаў? Вядома, што не! Паўдзельнічаць можа кожны і кожная, хто любіць Гродна. А не любіць Гродна проста нельга.

Як паўдзельнічаць?

Крок 1

Зарэгіструйцеся праз форму ўнізе гэтай старонкі і зрабіце данат. Пазначце ваш імэйл і паштовы адрас — нам патрэбны ваш кантакт, каб потым адправіць медаль.

Крок 2

У перыяд з 1 кастрычніка па 3 лістапада пераадолейце дыстанцыю 11,27 км у сваім горадзе.

Крок 3

Загрузіце скрыншот з фітнес-трэкера праз Google-форму ўнізе старонкі і чакайце 3 лістапада — Дня святога Губерта. Пасля гэтай даты мы пачнём рассылаць медалі поштай.

Калі карыстаецеся фітнес-дадаткам Strava, то далучайцеся да нашай суполкі там: St. Hubertus Virtual Run Club.

бегавы клуб святога Губерта

Што рабіць, калі я не вельмі дасведчаны бягун і 11,27 км гэта для мяне многа?

Наша акцыя — не гонка. Мы не спаборнічаем адзін з адным, а наадварот хочам адчуць адзінства. Таму вы можаце выбраць не бег, а доўгі прыемны шпацыр. Калі вы пачатковец у бегу — можаце раскласці яе на некалькі меншых прабежак. Калі вы фанат ровара, то можаце наогул пракаціцца гэтыя 11,27 км. А калі вы ўльтрамарафонец, то і 112,7 км вам па сілах! Так нашая сімвалічная дыстанцыя робіцца даступнай для кожнага, незалежна ад узроўню падрыхтоўкі.

Захавайце вашую прабежку ці прагулку з дапамогай любога спартыўнага дадатку (Garmin, Strava ці іншыя) і падзяліцеся вынікам з намі. Кожны, хто пераадолее дыстанцыю, атрымае памятны медаль. У Дзень святога Губерта мы даведаемся, колькі нас усіх разам!

Чаму менавіта 11,27 км і пры чым тут 3 лістапада?

У кожным элеменце нашага забегу мы заклалі зразумелы гродзенцам сэнс:

  • 11,27 км — гэта сувязь з гісторыяй. 1127 год лічыцца годам першага летапіснага ўпамінання Гродна.
  • фінал акцыі на 3 лістапада — Дзень святога Губерта, апекуна паляўнічых і заступніка Гродна.
  • памятны медаль з выявай аленя святога Губерта — Алень з залатым крыжам паміж рагамі шмат стагоддзяў упрыгожвае герб нашага горада. Высакаякасны медаль з унікальным дызайнам атрымае ад нас па пошце кожны фінішор.

Навошта ўдзельнічаць?

Ёсць як мінімум тры прычыны, чаму варта далучыцца за забегу “След святога Губерта”.

  1. Падтрымаць Hrodna.life. Усе сабраныя сродкі (за выключэннем сабекошту медаля і паштовай перасылкі) пойдуць на працу нашай рэдакцыі. Гэта ваш прамы ўнёсак у тое, каб голас Гродна працягваў гучаць нягледзячы ні на што.
  2. Адчуць сваіх. Вы будзеце бегчы не адны. У нашым клубе ў Strava вы пабачыце землякоў, якія бегаюць па вуліцах Варшавы, Вроцлава, Вільні, Батумі ці Нью-Ёрка.
  3. Захаваць сувязь з домам. Гэта прыгожы і здаровы спосаб сказаць: «Я памятаю свае карані».

Зарэгістравацца і падтрымаць сваіх

Прабеглі дыстанцыю?

Прабеглі дыстанцыю? Пераходзьце на Google-форму і загружайце скрыншот з вашага фітнес-трэкера. Пазначайце той самы імэйл, што вы выкарысталі пры аплаце, каб мы маглі вас ідэнтыфікаваць.

⚠️ БЯСПЕКА ПЕРШ ЗА ЎСЁ!

Калі ласка, уважліва прачытайце: калі вы фізічна знаходзіцеся ў Беларусі, не рэгіструйцеся на забег, не аплачвайце ўдзел і не рабіце рэпосты нашых матэрыялаў. Камунікацыя з незалежнымі медыя ўнутры Беларусі крыміналізаваная. Клапаціцеся пра сваю бяспеку! Праект створаны выключна для тых, хто знаходзіцца ў бяспечных краінах за межамі Беларусі і Расіі.

Зрабі першы крок. Знайдзі свой след святога Губерта!

забег След святога Губерта