Гэта год без новага года, каляд, 8-га сакавіка і дня нараджэння. Час вечнага лета і паху мора, блакітнага неба і гарачага сонца. Месца, дзе выхадны — пятніца, а не субота і нядзеля, дзе не чакаюць святаў і рэдка іх ствараюць, таму што тут кожны дзень як свята.
Напэўна ў кожнага, хто хоць аднойчы чытаў або глядзеў фільмы пра прыгоды Рабінзона Круза, узнікала жаданне апынуцца на якім-небудзь востраве, можна нават на цалкам заселеным, далёка ад гарадской мітусні і руцінных абавязкаў.
Вечнае лета і свята кожны дзень
Так я для сябе адкрыла Лангкаві - «Усесаюзную малайскую здраўніцу» — з вечным летам і першароднай прыгажосцю. Тут я то мімаволі апускаюся ў стан ціхамірнага спакою, навеянага музыкай Андаманскага мора ў такт птушыных спеваў, то ў драйв начнога жыцця, якое цягне натхненнем джэм сешн [ад англ. jam session — сустрэча, калі музыкі збіраюцца і граюць без асаблівых падрыхтовак альбо калі любы з прысутных можа ўзяць інструмент і выступіць] і бляскам новых вачэй, гатовых усю ноч танчыць і расказваць…
Турысты выбіраюць востраў месцам для адпачынку, бо іх прыцягваюць залацістыя пляжы, бірузовая хваля і адпачынак на любы густ.
Абарыгенаў у сваю чаргу на востраў вабіць турыстычны бізнэс як спосаб зарабіць і прыгажосці, якія радуюць вока.
З аднаго боку, пасля беларускіх зім жыць у стабільна цёплых кліматычных умовах досыць прыемна. З іншага боку, на Лангкаві мне не хапае нашага Новага года і іншых падзей, якія суправаджаюцца чаканнем, падрыхтоўкамі і купляй падарункаў.
Мусульманская культура ў спалучэнні са сталасцю клімату накладваюць свой аскетычны адбітак на асабістыя маленькія святы жыцця, прапаноўваючы здавольвацца тым, што маеш, і не ствараць лішняга эмацыйнага напружання. А маеш ты кожны дзень мора, сонца, садавіну, доступ да таннага алкаголю бо на востраве duty free зона і ўсе любаты жыцця, якія і прынята ў нас лічыць святам. Тут яно кожны дзень.
Бяспечна, прыгожа і стабільна
На Лангкаві бяспечна, прыгожа і стабільна. У тых, хто жыве тут доўгі час гэтая стабільнасць выклікае адчуванне дэпрэсіі і пустэчы, сумна людзям з году ў год любавацца прыродай і глядзець на прыгожыя заходы і світанкі, а стандартны турыстычны набор ужо даўно выпрабаваны. І людзі адкрываюць новы бізнес, п’юць піва замест вады і заводзяць сабак.
У мусульманскай культуры забаронена кантактаваць з сабакамі, нават у некаторых пральнях, бачачы мяне з маім гадаванцам, адмаўляюцца браць вопратку, баючыся сутыкнення з поўсцю. Таму прывілей мець хатнюю жывёлу ёсць толькі ў замежнікаў,
дзякуючы якому яны ствараюць нейкую атмасферу сям'і ў гэтым нестабільнай свеце вандроўнікаў і заўсёды маюць вернага спадарожніка і суразмоўцу, які дорыць безумоўную любоў.
LIMA 2017
Лангкаві не толькі адзін з буйных курортных архіпелагаў з найчысцейшымі пляжамі і duty free зонай, а таксама ўпадабанае месца правядзення міжнародных сустрэч і карпаратыўных трэнінгаў.
Так, у канцы сакавіка на востраве адбылася міжнародная марская і аэракасмічная выстава — Ліма 2017 (LIMA — the Langkawi International Maritime & Aerospace Exhibition) — найбуйнейшая выстава такога роду ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.
Выстава, якая праводзіцца пад патранажам міністэрства абароны Малайзіі раз у два гады з часу свайго дэбюту ў 1991 годзе, з’яўляецца платформай, на якой зацікаўленыя бакі, пачынаючы ад высокапастаўленых урадавых чыноўнікаў, ваенных і грамадзянскіх дэлегатаў да прадстаўнікоў прыватных кампаній, пашыраюць свае сеткі для наладжвання новых партнёрскіх адносін і дзелавых пагадненняў.
У гэтым годзе ў мерапрыемстве бралі ўдзел 550 кампаній з 38 краін свету, уключаючы Расію.
На працягу тыдня востраў гучаў самалётамі і ракетамі, галасамі перамоваў і пагадненняў аб пастаўках, шумам неўласцівай шматлюднасці і трафіку. Кожны дзень жыхары і госці выспы збіраліся на аглядных пляцоўках паглядзець на авіядэманстрацыі, маштабна прадстаўленыя з густам, прыгажосцю і прафесіяналізмам.Дыханне выспы
Так, падзея за падзеяй высякае востраў сваю скульптуру раю, у які трапляеш па працы ці за адпачынкам і ў якім потым жывеш успамінамі, загарэлай скурай і сабранымі ракавінкамі.
Востраў дыхае пенай мора, якая ўздымаецца хвалямі насустрач сонцу, вільгаццю пальмаў, якія ўзвышаюцца да блакітных прастораў, пахам манга, якія адкрывае свет трапічнай садавіны, крыкамі гандляроў, энергіяй прыходзячых і адыходзячых караблёў са сваімі гісторыямі, чаканнямі і чалавечымі жыццямі.
Выспы гавораць з табой на мове, якая адкрывае дзверы ў глыбіню мясцовай свядомасці і традыцый. Дзесьці адчуваеш сябе як дома, табе заўсёды гатовыя дапамагчы і ўспрымаюць як сябра, а дзесьці адчуваеш сябе турыстам, якога ўспрымаюць як грашовы аб’ект і ў дачыненні да якога коштавая катэгорыя заўсёды вышэй. У першыя месцы вяртаешся як ва ўлонне сям'і, а ў другія — проста ставіш галачку, што наведала.
Самі ствараем свой сэнс
Востраў жыве чаканнямі і марамі, знаёмствамі і расстаннем, радасцю і болем, жыццямі і пачуццямі кожнага з нас. І не важна, дзе і калі мы сутыкнуліся. Магчыма, гэта толькі намер, а магчыма, толькі мара.
За час назіранняў за жыццём людзей на Лангкаві, як і ў іншых месцах, я зразумела, што адчуванне шчасця і напоўненасці жыцця неабходна ствараць самому. Які б прыгожы пейзаж не быў вакол, адчуванне ўласнай непатрэбнасці адольвае многіх. Хтосьці гэта ўсведамляе, а хтосьці не. Мясцовыя жыхары ствараюць свой сэнс жыцця праз працу рукамі,
гармонію з прыродай, вырошчваючы рысавыя палі і бананавыя дрэвы.
Мы самі выбіраем як запоўніць унутраную пустэчу. І магчыма, каб напоўніць сваё жыццё сэнсам, не заўсёды варта марыць пра ўцёкі на (не)заселены востраў, бо нават туды мы бярэм сваё «я» з сабой. А можна проста ствараць свой астравок любові, дабра і гармоніі там, дзе мы ёсць. І на гэты востраў заўсёды і ўсім хацелася б вяртацца.