Калі прачынаешся раніцай, а вакол цябе блакітны акіян, часам спакойны, а часам адклікаецца шумнымі хвалямі ў такт твайго настрою, і шматаблічны світанак, які выклікае поўнае яднанне з прыродай і Сусветам, ты адчуваеш, што ты частка гэтага вялікага свету, але які ўсё ж можна ахапіць, адкрытага для кожнага, які заўсёды кліча да сябе на сустрэчу.

Гэтая сустрэча адбылася са мной амаль год таму, калі пасля доўгіх роздумаў і сумневаў я ўсё ж напісала заяву аб звальненні і з чаканнем невядомага і трывогай вырашыла пачаць новы этап жыцця — у Азіі. Этап не з лёгкіх, але, безумоўна, адзін з самых цікавых.

Jpeg

Азія мяне заўсёды прыцягвала сваёй неадназначнасцю і вабіла да сябе. Але, кіруючыся многімі стэрэатыпамі аб небяспечнасці, антысанітарыі і іншым, падарожжа ўсё адкладалася, пакуль мой знаёмы не пераканаў мяне пераехаць у В’етнам — краіну, дзе я не толькі змагу без складанасцей знайсці працу, але дзе ў мяне ёсць па меншай меры хтосьці, хто можа дапамагчы акунуцца ў мясцовае жыццё. Так з В’етнама і пачалося маё блізкае знаёмства з гэтай далёкай і для мяне ўжо такой роднай Паўднёва-Усходняй Азіяй.

Быць як «локал»

Я заўсёды аддавала перавагу вывучаць жыццё краін, якія наведвала, не з пункту гледжання турыста, а як «локал», г. зн. мясцовы жыхар, таму я ніколі не спяшаюся купляць наступны/зваротны білет, а знаходжуся ў краіне на максімальны легальна дазволены візай тэрмін.

Jpeg

Купіўшы квіткі і узброіўшыся паходным рыштункам, я рушыла ў дарогу. Пасля шматлікіх затрымак Азіяцкіх авіяліній мяне сустрэў Ханойскі аэрапорт з 37 градуснай спякотай і такім дарожным трафікам, які еўрапейскаму менталітэту ўявіць немагчыма.

Перасоўвацца можна толькі на байках

Горад адразу прыняў у свае абдымкі і акунуў у вар’яцкі рытм жыцця, адразу прад’явіўшы патрабаванні вадзіць мота-байк і шмат у чым спадзявацца на волю абставінаў, бо мясцовае насельніцтва не размаўляе па-англійску і часамі прасцей махнуць рукой, чым спрабаваць нешта растлумачыць.

P_20160905_174559

Дарэчы, у краінах Азіі кіраванне на мота-байках з’яўляецца адзіна магчымым спосабам перамяшчэння, бо на некаторых астравах публічны транспарт адсутнічае, а арганізацыя дарожнага руху не дазваляе вадзіць машыну. Таму нават сэрвіс таксі прапануе вам на выбар мотабайк, што значна танней і хутчэй ці машыну, што значна больш павольна, даражэй, але зручней падчас дажджу. Выбраўшы першы варыянт, вы бонусам атрымліваеце такі выкід адрэналіну, што не параўнальны ні з якімі «амерыканскімі горкамі», а выбраўшы другі - зразумееце, што ваша цярпенне не бязмежнае.

В’етнам — «мясаедная» краіна

Каларыт мясцовага жыцця выяўляецца ва ўсіх сферах. Вулічная ежа, якая рыхтуецца і прадаецца прама на тратуарах, можа здзівіць вас разнастайнасцю, пачынаючы ад seafood (рыбныя і марскія прадукты), сканчаючы рознымі жукамі, павукамі і гусеніцамі. Дарэчы кажучы, у В’етнаме ў ежу ўжываюць нават сабачаціну і існуе цэлая сетка нелегальнага бізнэсу па лоўлі і здабычы сабак.

Jpeg

Мне, як вегетарыянцу, было дастаткова цяжка прыстасавацца да в’етнамскай кухні, бо гэта досыць «мясаедная» краіна, дзе ўсе нацыянальныя стравы ўтрымліваюць мяса, і ежа закліканая перш за ўсё здаволіць голад, а не падарыць эстэтычнае задавальненне. Пра такія складнікі, як прыгатаванне ежы з любоўю і паводле санітарных правіл, тут нават і не падазраюць. Штодзённы рацыён уключае ў сябе рыс або рысавую локшыну на раніцу, сняданак і абед з рознымі спалучэннямі мяса, рыбы або гародніны.

«Хочаш добра — зрабі сам»

Мясцовыя жыхары пачынаюць свой дзень рана. А 5-й раніцы крамы пачынаюць працаваць, а людзі снедаць. Хто дома, а хто на вуліцах, бо гэта не патрабуе часавых выдаткаў і каштуе досыць танна.

P_20160910_120549

В’етнамскі народ дастаткова працавіты. Але пра якасць паслуг лепш змаўчаць. Вы павінны прыняць дэвіз: «Хочаш добра — зрабі сам». Гэта захавае як ваша здароўе, так і кашалёк.

Пра здароўе в’етнамцы клапоцяцца як умеюць. На вуліцах Ханоя можна ўбачыць спецыяльна абсталяваныя месцы для фізічных практыкаванняў у парках, накшталт аўтэнтычнай трэнажорнай залы, дзе звычайна з усходам сонца і падчас заходу людзі бадзёра практыкуюцца. Большасць з іх — пажылыя людзі, якім не трэба бегчы на працу, і яны больш часу надаюць здароваму ладу жыцця і да якіх усе ставяцца з вялікай павагай і пашанай.

В’етнам стаў стартавай пляцоўкай

Jpeg

Прыгажосць мясцовай прыроды цешыць вока, чаго не скажаш пра ўзровень жыцця мясцовых людзей. Усмешлівыя дзіцячыя твары хаваюць цяжкую праца іх бацькоў, якія жывуць надзеяй на лепшую будучыню для сваіх дзяцей; ветлівыя твары сталых людзей кажуць пра мудрасць, назапашаную вопытам пасляваеннага часу; вочы дзяўчат хаваюць лёгкую зайздрасць быць такой жа беласкурай, высокай і незалежнай, а прамовы юнакоў - матывацыю і надзею на жыццё за мяжой.

В’етнам стаў для мяне стартавай пляцоўкай на шляху адкрыцця дзіўных куткоў нашай зямлі, а таксама адкрыцця сябе. Я набыла не толькі неабходныя навыкі адзіночнага выжывання ў чужой краіне і кіравання матацыклам, але і навучылася верыць. Верыць у сябе і свае здольнасці, у Вышэйшую сілу, якая кіруе інтуіцыяй і засцерагае, у людзей, якіх я сустракаю і якія дазваляюць станавіцца часцінкай жыцця адзін аднаго і натхняюць на новае падарожжа…

Jpeg