Спадчына

Зусім не камяніца Масальскіх. Дзе знайсці самы стары жылы дом у Гродне?

Кажуць, што самая старая камяніца ў Гродне — на Замкавай, 5. Гэта няпраўда. Яе яшчэ называюць «камяніца Масальскіх», што таксама памылкова. Насамрэч самая старая гродзенская камяніца знаходзіцца недалёка, на супрацьлеглым баку вуліцы — на Замкавай, 12. Гэты будынак налічвае некалькі стагоддзяў. Будаваўся ён у некалькі этапаў, шмат разоў перабудоўваўся і да нашага часу дайшоў у стылі эклектыкі.

Замкавая, 12. Фота 2018 г.
Дакументы згадваюць пра камяніцу ўпершыню ў канцы 17 ст. Замкавая вуліца ў той час была самай мураванай у горадзе — такіх будынкаў там было ажно 14! Трэба меркаваць, што ніжні ярус левай часткі дома быў пабудаваны нашмат раней, прыкладна ў 15−16 стагоддзях. Справа ў тым, што адна з частак сутарэнняў складзена з шырокапамернай цэглы, аналагаў якіх у горадзе не сустракаецца. Затое з ідэнтычных выкладзены сцены замка ў Міры і Шчытавой вежы Наваградскага замка. Такім чынам, мы можам сцвярджаць, што сутарэнні згаданага дома з’яўляюцца аднымі з нешматлікіх арыгінальных перакрыццяў на тэрыторыі нашай краіны, якія маюць, хутчэй за ўсё, амаль пяць стагоддзяў!

У пачатку 18 ст., а магчыма і раней, згаданая камяніца і суседняя, правей, былі аб’яднаны ў адзін вялікі двухпавярховы аб’ём. Вядома, што ў 1726 г. левай часткай камяніцы валодаў яўрэй Хамберскі, а правай — Абрам Дахтаровіч.

Камяніцы № 5 і № 12 на фотаздымку пач. 20 ст.
Менавіта з правай часткі дома 20 мая 1753 г. пачаўся вельмі моцны пажар, ад якога, па ўспамінах відавочцы — князя Міхала Казіміра Радзівіла — «ледзьве трэцяя частка места засталася». Будынак, як ні дзіўна, пасля пажару быў адрамантаваны. На ім з’явіўся дадатковы мансардны паверх з вокнамі паўкруглай формы ў стылі ракако.

Паводле інвентара 1782 г., левая частка камяніцы належала Блюмцы Лейбовіч і яе сыну Абраму. Тут размяшчаліся жылыя пакоі, некаторыя здаваліся ў арэнду, кухня, склеп, дзе знаходзіліся розныя тавары. У 1784 г. Лейбовічы падпісалі кантракт з купцом Якубам Гаўсманам на права арэнды камяніцы, якую той пазней, хутчэй за ўсё, выкупіў.

Дом Гаўсмана на вул. Замкавай выдзелены чырвоным колерам, сінім — на вул. Віленскай. Фрагмент плана Гродна 1832 г.
У матэрыялах фондаў аднаго з польскіх архіваў захаваўся абмерны малюнак дома Гаўсмана, які ўсімі даследчыкамі быў лакалізаваны ў пачатку вуліцы Віленскай (сучасная Савецкая). Насамрэч там знаходзілася іншая камяніца Гаўсмана, якая мела зусім іншы выгляд. Купец Якуб Гаўсман памёр прыкладна ў 1806 г., заставіўшы пасля сябе шмат пазык. Яго наследнікі, відаць, вымушаны былі аддаць дом на вуліцы Замкавай дзяржаве.
Дом Гаўсмана на Замкавай вуліцы. Абмерны рысунак пач. 19 ст. Раней лічылася, што гэты будынак знаходзіўся на Віленскай вуліцы і не захаваўся да нашага часу
У канцы 19 ст. будынкам валодаў Вольф Перліс. Падчас пажару, які адбыўся 23 (11) чэрвеня 1889 г. на Замкавай вуліцы, «каменны мураваны дом з мезанінам» згарэў. Пасля перабудовы, якая, што вельмі важна, не закранула капітальнай перапланіроўкі будынка, новым гаспадаром дома з’яўляўся Лапінер. З тых часоў будынак у нязменным выглядзе захаваўся да нашага часу.

Сёння там знаходзіцца жыллё для многіх сем’яў. Вывучэнне гэтага будынка з’яўляецца вельмі важнай справай для гісторыі архітэктуры горада, а старадаўнія скляпенні, якія размешчаны пад ім, у будучым могуць быць выкарыстаны для размяшчэння пункта грамадскага харчавання або выставачнай залі.

А што тады на Замкавай, 5?

Вернемся да так званай «Камяніцы Масальскіх». У навуковай літаратуры прыводзіцца меркаванне аб тым, што будынак быў узведзены паміж сярэдзінай 17 і пачаткам 18 стагоддзяў як частка палацавага комплексу знакамітага магнацкага роду Масальскіх. Насамрэч гэта не так.

«Камяніца Масальскіх». Замкавая, 5. Фота 2018 г.
У пачатку 18 ст. на месцы гэтага будынка быў пляц навагрудскага ваяводы Міхала Фаўстына Радзівіла, забудаваны палацам з афіцынамі. Згодна з планам горада 1753 г., палац быў мураваным і размяшчаўся на некалькі дзясяткаў метраў на поўнач, углыб тэрыторыі. Уся забудова пляца, відаць, згарэла ў адным з пажараў другой паловы 18 ст., бо на плане 1780 г. на гэтым месцы не пазначана ніводнага будынка.
Замкавая, 5 у канцы 18 ст. Паўднёвы фасад. Рэканструкцыя М. Супрона
Паводле люстрацыі Гродна 1782 г. пляц належаў яўрэю Рафановічу, на якім той узводзіў новы будынак. Можна меркаваць, што будаўніцтва было завершана цягам наступных некалькі гадоў, паколькі будынак зафіксаваны на плане горада 1795 г. У пачатку 19 ст. будынак належаў казне і здаваўся ў арэнду прыватным асобам, затым яго наглядчыкам на працягу доўгага часу з’яўляўся палкоўнік Светчынаў і яго наследнікі.
Замкавая, 5. фота пач. 20 ст.
У міжваенны час да камяніцы быў надбудаваны трэці паверх, а пасля Другой сусветнай вайны знешні выгляд будынка змяніўся да непазнавальнасці, калі да яго надбудавалі трохвугольны франтон, прырабілі балконы. Сёння вяртанне камяніцы першапачатковага выгляду з’яўляецца надзвычай важнай задачай дзеля павышэння турыстычнай прыцягальнасці горада.
Фотаздымак міжваеннага часу. Да камяніцы, што ў цэнтры, дабудавалі трэці паверх


Для того, чтобы бетон не засыхал, необходимо применение бетономешалки. Приобрести ее по выгодной цене можно на сайте https://betonomeshalki.com.ua/ru/chernigov/. Большой выбор по доступным ценам.


Падзяліцца

Апошнія запісы

«Мама умерла». Гродзенец пасля страты жонкі сам выхоўвае сына і шукае новае каханне

У адзін з дзён снежня 2021 года сямігадовы Артурка прачнуўся і знайшоў у суседнім пакоі…

20 студзеня 2025

Беларуская магія: як нашы продкі дамаўляліся з прыродай

У тым, што беларусы цанілі і да гэтага часу цэняць магію, упэўніцца не складана. Мы…

19 студзеня 2025

«З сабой я важу Беларусь». Калекцыянер з Гродна назбіраў некалькі дзясяткаў тысяч марак

Гродзенец Андрэй Мялешка захапіўся маркамі яшчэ ў першым класе, калі далучыўся да філатэлістычнага гуртка. І…

18 студзеня 2025

Каложскі вадаліў: гродзенскі артэфакт, які перажыў стагоддзі

Каложскі вадаліў, або акваманіл, — гэта адзін з найцікавейшых артэфактаў, якія захаваліся ў Гродне з…

18 студзеня 2025

«Як выкладаць, пракуратуру не цікавіць». 7 фактаў, як улады і патрыятызм змянілі беларускія школы

Цяпер замест пісьменнікаў і музыкаў у беларускія школы ўсё часцей запрашаюць актывістаў з “моцнай грамадзянскай…

17 студзеня 2025

Плошча Сцяга і падвесны мост да замка. Андрэй Хмель расказаў, як зменіцца Гродна (але не сказаў, калі)

Зараз гораду больш за ўсё не хапае паркаў і сквераў, лічыць старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй…

14 студзеня 2025