Гродзенскі школьнік Віктар Калантай за паўтары гады здолеў узнавіць мадэль гродзенскай віціны, якая хадзіла па Нёмане з XV стагоддзя аж да Першай сусветнай вайны. Падобныя аднамачтавыя караблі за стагоддзі знешне практычна не мяняліся і перавозілі па рацэ розныя грузы масай да 90 тон. Hrodna.life даведаўся, як школьніку прыйшла ідэя ўзнавіць віціну і дзе хлопец шукаў інфармацыю.

Сёння мала хто з гродзенцаў можа сказаць, якія суды хадзілі ўверх па плыні Нёмана ў «дапараходную» эпоху. Іх вывучэннем займаюцца гісторыкі ці зацікаўленыя людзі. Такія, як Віктар з калегамі ў судамадэльнай студыі ў Гродне. Менавіта там ад выкладчыка Андрэя Курловіча школьнікі ўпершыню пачулі пра такае аднапаруснае судна — віціну.

Нёманская віціна напрацягу пяці стагоддзяў з’яўлялася таварным караблём, на якім перавозілі ў асноўным бочкі з прадуктамі. На адным судне магло працаваць да 16 чалавек.

Віктар лічыць, што адноўленая мадэль віціны дапаможа павялічыць цікавасць да гісторыі тэхнікі Гродзенскага рэгіёну і да судаходства ў прыватнасці, а таксама да больш усвядомленага захаплення судамадэляваннем сярод моладзі.

«Усё пачалося з таго, як выкладчык у студыі распавёў цікавы факт пра судаходства на Нёмане і ўдакладніў, што віціна з’яўляецца амаль адзіным парусным караблём, якi хадзіў па нашай рацэ. Менавіта таму ў мяне і з’явілася цікавасць да тэмы, а пасля з’явілася ідэя ўзнавіць мадэль віціны», — распавядае Віктар.

Перад тым, як прыступіць да будаўніцтва, школьніку і выкладчыку давялося збіраць шмат інфармацыi па гісторыі судаходства на Нёмане ў 18−19 стагоддзях, пабываць у архіве, а таксама вывучыць гравюры, на якіх намалявана віціна. На пабудову мадэлі карабля сышло прыблізна паўтары гады.

«Будаўніцтва пачалося з перакладу віціны ў патрэбны маштаб. А пасля пачалі вымалёўваць шаблоны, пачалі выразку дна мадэлі з фанеры. І так прыйшлося доўга працаваць з кожнай дэталлю. Усе часткі карабля абклейвалi шпонам, пасля пакрывалі марылкай. Каб стварыць экіпаж віціны, перараблялі звычайных салдацікаў. Выніковы варыянт карабля пакрылі адмысловым маслам для больш устойлівага захоўвання і надання прыгожых таноў».

"Зорачка, пра якую можна ўсім распавядаць". Гродзенскі школьнік за 1,5 гады аднавіў мадэль нёманскай віціны
Віктар займаецца судамадэляваннем 7 гадоў. На стварэнне выставачнай мадэлі віціны ў яго сышло 1,5 гады
Гатовая работа гродзенца брала ўдзел у міжнародным конкурсе «Таленты XXI стагоддзя». У Гродзенскай вобласці віціна Віктара заняла 3 месца, а на міжнародным этапе асаблівай цікавасці ў суддзяў не выклікала.

«Я разумеў, што такіх мадэляў нідзе няма, і стварэнне віціны, гэта як пэўная зорачка, пра якую можна ўсім распавядаць і будзе цікава паслухаць. Бо сёння мала хто ведае, што па Нёмане калісьці хадзілі паруснікі. За час сваёй працы я даведаўся, наколькі было задзейнічана судаходства ў нашых краях 150−200 гадоў таму. У будучыні можна будзе пабудаваць мадэлі караблёў, якія таксама маюць сувязь з гісторыяй Нёмана. Ужо цяпер з вывучаных матэрыялаў даведаліся, што існаваў яшчэ цiкавы параход „Нёман“ і ёсць думкі ўзнавіць яго мадэль».