Надзеі - 8 гадоў, а яе сястры Ані - 10. Маленькія гродзенкі з ранняга дзяцінства мараць стаць вядомымі музыкамі. Каб перамагчы страх перад сцэнай, сёстры разам з бацькамі выходзяць на вуліцу Савецкую і граюць на скрыпках вядомыя мелодыі. Дзеці робяць гэта не дзеля заробку, а дзеля сваёй будучыні.

Мама дзяўчынак Тамара распавядае, што для яе дзяцей выйсці на вуліцу і граць перад людзьмі гэта ў першую чаргу магчымасць перамагчы свой страх перад сцэнай, а таксама даведацца, якая музыка патрэбна людзям.

Ніхто нікога не прымушае

Першы раз маленькім музыкам было страшна выйсці на вуліцу са скрыпкамі. Але ўжо на другі раз яны самі прасілі бацькоў прывесці іх на Савецкую.

«Ёсць такое паняцце — страх сцэны. Ды і агулвм дзеці заўсёды чагосьці баяцца, — распавядае мама Тамара. — У школе ў нас не вучаць камунікацыі з іншымі людзьмі, таму многія так і застаюцца сарамлівымі. Мы вырашылі гэта выправіць. На захадзе гэта цалкам нармальная з’ява, калі чалавек можа выйсці на вуліцу і паказаць сваё „я“. Нам падабаецца класічная музыка і мы прывучаем да яе дзяцей. Яны з задавальненнем гэта робяць, ніхто нікога не прымушае».

На Савецкую вуліцу сям’я прыходзіць, калі ёсць час і натхненне. Больш за 45 хвілін дзеці не граюць.

Выйсці не вуліцу, каб не дапусціць памылак у будучыні

Галоўнай падставай выйсці на вуліцу стала гісторыя выступу адной з дзяўчынак на міжнародным конкурсе «Мая мара». Надзея добра падрыхтавалася да выступу і ўсе разлічвалі на першае месца, але страх перад сцэнай перамог. У выніку ў маленькай гродзенкі было толькі трэцяе месца.

«На конкурсе адчувалася яе хваляванне, асабліва калі ёй трэба было выступаць на сцэне. Вярнуўшыся ў Гродна, мы вырашылі не дапускаць у будучыні такіх памылак», — дадала мама Тамара.

"Зняць маскі сораму і перамагаць». Глядзіце, як юныя гродзенкі рыхтуюцца да вялікай сцэны
Сёстры Надзея і Аня

Прыбраць сарамлівыя маскі і перамагаць

Пакуль дзяўчынкі граюць, бацькі назіраюць за імі з адлегласці некалькіх метраў. Музыка мінакам падабаецца, хтосьці спыняецца і слухае знаёмыя мелодыі. Але ёсць і тыя, хто абвінавачвае бацькоў у эксплуатацыю дзіцячай працы.

«Гэта смешна, нейкія савецкія перажыткі і страхі ў поглядах гэтых людзей, — кажа Тамара. — Мы сям’я забяспечаная. Выхадам на вуліцу дзеці могуць перамагчы свой страх і адчуць аддачу публікі. Гэта дапаможа ў будучыні займаць больш высокія месцы ў конкурсах. Мы хочам прыбраць усе сарамлівыя маскі і перамагаць».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life