Валанцёры гэта тыя, хто па закліку сэрца дапамагаюць людзям у самых розных галінах жыцця. Па прапанове ААН у іх гонар штогод 5 снежня адзначаецца Міжнародны дзень валанцёра. Напярэдадні свята мы распыталі гродзенскіх актывістак аб іх матывацыі да валанцёрскай працы.

«Каб зрабіць штосці вартае, патрэбен ты». Кацярына Маісеева, валанцёр «ВелаГродна»

«Нават, калі гэта гучыць трохі па-саўдэпаўску, але — «Хто, калі не я?» — разважае Кацярына пра сваё валанцёрства. «Калі бяруся за справу, то ўсіх сяброў-таварышаў і проста людзей на роварах, каторых спыняю на дарозе — усіх прыстройваю да патрэбнай справы!»

katsya-maiseeva
Здымак з уласнага архіва Кацярыны Маісеевай

Паводле Кацярыны, усе акцыі ВелаГродна крутыя і вартыя таго, каб узяць у іх удзел: «Быць часткай гэтага — большага кайфу няма!» Займацца валанцёрствам няпроста і патрабуе часу. «Але! У выніку гэта дае такую эйфарыю! Калі да цябе падыходзяць людзі з натоўпу і кажуць, што хочуць далучыцца, стаць сябрамі арганізацыі… Ой, тут можна ў скокі кінуцца ад шчасця! Ці калі праглядаю фотасправаздачы — і словы не патрэбны, сама бачу, як з душой і творча ўсё зроблена».

Нават калі здаецца, што твой ўнёсак у агульную справу невялікі, ён ўсё роўна важны і для некага можа быць вырашальным, лічыць Кацярына. «Мы ўсе букашкі, але часам букашка можа змяніць усё за імгненне».

«Валанцёрства — магчымасць для навучання і самарэалізацыі». Кацярына Макаранка, валанцёр Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа

Кацярына валанцёрыць ужо чатыры гады, разам з тым больш за год таму стала яшчэ ўдзельніцай атрада хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. «Больш з ўсё люблю валанцёрыць у Дзённым цэнтры Чырвонага Крыжа для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі - арганізоўваць і праводзіць дабрачынныя мерапрыемствы».

makarenko-katya
Здымак з уласнага архіва Кацярыны Макаранка

Паводле Кацярыны, валанцёрства гэта магчымасць увесь час вучыцца і рэалізоўваць сябе. Ну, а з тым, што нічога не мае ўзамен, яна зусім не згаджаецца: «Я атрымліваю многае — новыя знаёмствы, эмоцыі, уражанні і шчырую ўдзячнасць людзей, каторым мы дапамагаем».

«Адчуваю, што раблю свет лепшым». Валерыя Філімонава, валанцёр Зяленага дазору

У валанцёрства Валерыю прывёў тата, Яўген Філімонаў. Разам яны бралі ўдзел ва ўборцы Фартоў і Румлёўскага парка падчас экалагічнай акцыі «Зробім», падтрымлівалі інфармацыйную кампанію па абароне першацветаў. «Калі пачала займацца валанцёрствам, зразумела, што гэта — маё. Валанцёрыць вельмі цікава, бо адчуваю, што раблю свет лепшым і аднаасова дапамагаю сваім сябрам, сваёй сям'і і сабе».

valeryiya-filimonava
Здымак з уласнага архіву Валерыі Філімонавай

Праблемы навакольнага асяроддзя, паводле Валерыі, вартыя ўвагі і асабістага ўдзелу кожнага. «Пры разбуранай экалогіі развіццё астатняга хутка можа страціць сэнс». Валанцёрства настолькі шчыльна ўвайшло ў яе жыццё, што нават пры выбары навучалнай установы для працягу навучання Валерыя звяртае ўвагу на тое, ці развіты там валанцёрскі рух.

«Праз валанцёрства зразумела, што хачу ад жыцця». Вольга Галецка, стваральніца валанцёрскай ініцыятывы «Тandem evenings in Hrodna»

На думку Вольгі, валанцёрства — гэта найперш цікавы досвед, што можа цалкам змяніць светапогляд чалавека. «Прыехала ў Гродна на валанцёрскі праект EVS, закахалася ў гэты горад, пазнаёмілася з цудоўнымі людзьмі і нарэшце зразумела, што хачу рабіць у жыцці». Валанцёрства, са словаў Вольгі, гэта магчымасць паспрабаваць рабіць розныя рэчы, каб праз практычны досвед зрабіць асэнсаваны выбар для ўласнай дзейнасці.

volga-galetska

Што да Вольгі, то найбольшую яе зацікаўленасць выклікаюць людзі, камунікацыя з імі, выбудова стасункаў і паразуменняў. Каб даць магчымасць пазнаёміцца і сябраваць тым, хто гаворыць на розных мовах, Вольга стварыла Тandem evenings in Hrodna. Тут ахвотныя могуць вывучаць замежныя мовы праз камунікацыю.

«Рабіць што цікава і атрымліваць кайф». Варвара Злобіна, удзельніца і шматлікіх валанцёрскіх ініцыятыў

«Шчыра — не лічу сябе валанцёрам. Па мне, гэта гучыць неяк занадта афіцыйна. Калі раблю, што самой хочацца, і што мне асабіста цікава, то нічога дзіўнага ў адсутнасці аплаты няма».

varvara-zlobina

Узнагародай з’яўляецца ўжо сама магчымасць рабіць тое, што падабаецца: «Гэта натуральная частка жыцця. Рабіць свой выбар і рэалізоўваць яго — гэта кайф».