Музыкант Аляксандр Зімін вярнуўся ў Гродна пасля працы ў Расіі і паразважаў у Facebook аб тым, якім мог бы быць наш горад. Ён прапануе аб’яднаць адной пляцоўкай усё Гродна — ад Пышкаў да Альшанкі. А праект піўзавода, на яго думку, прывядзе да таго, што частка берага не будзе мець стылістычнай і сэнсавай сувязі з астатнім. У каментарах яму раяць схадзіць са сваімі ідэямі да старшыні абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюты. Рэдакцыя Hrodna.life публікуе яго пост у рубрыцы «Меркаванні».
Папярэджваючы пытанні, адразу скажу: так, я ідэаліст, так, я часцяком жыву ў марах, але калі ніхто не будзе жыць у марах, то многія мары так імі і застануцца. Сёння я хачу памарыць услых.
Сумна трохі. І вось чаму. За апошнія гады не раз і не два высоўваў ідэі па акультурванні і ўпрыгожванні Гродна, па пашырэнні яго інфраструктуры. Як і іншыя гараджане, але сёння спынюся на адным моманце, што ў ліку астатніх, так і застаўся марай. Проста асабліва востра гэта адчуваецца пасля вяртання з Санкт-Пецярбурга. Ды і многія іншыя гарады Расіі ад яго не адстаюць у гэтым плане.
Набярэжная Нёмана. Яшчэ ў 2016, калі пачаў супрацоўнічаць з Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем, граючы музыку на яго тэрыторыі, кожны працоўны дзень глядзеў на водную частку Гродна і думаў, што з яе можна было б зрабіць адметнасць горада. Потым прымаў удзел у конкурсе праектаў на рашэнні для набярэжнай. А сёння вырашыў зрабіць перапынак у творчасці, адляпіцца ад клавіш і ханга і пагуляць спакойна па цэнтры. І… успомніліся прагулкі па набярэжных Нявы, Волгі, Паўночнай Дзвіны, Масквы-ракі. І размовы з гасцямі Гродна. І водгукі многіх турыстаў аб паездках у Гродна у сетцы.
Чытайце таксама:
- Грамадскія грылі, выхад да ракі, няма машын: гродзенец прыдумаў, як ажывіць набярэжную Нёмана
- Пляцоўку на Леванабярэжнай у Гродне выкупілі мінскія бізнесмены — арганізатары Vulitsa Ezha
Гэта сумны сум, людзі. Для цэнтральнай часткі найважнейшага турыстычнага цэнтра краіны — поўная адсутнасць агульнага ладу, стылю, функцыяналу, напаўнення. Змрочны змрок. Нёман і яго берагі ўяўляюць з сябе проста вялікую Гараднічанку (я жыву ў 5 хвілінах пешшу ад Гараднічанкі, я ведаю, пра што кажу). А можна было б аб’яднаць у адной пляцоўцы ўвесь горад, ад Пышкоў да Альшанкі. Зараз гатовы праект рэканструкцыі піўзавода і прылеглай тэрыторыі. І мяркуючы па тым, што я бачыў, гэта будзе чарговы кавалак берага, які не мае стылістычнай і сэнсавай сувязі з астатнімі. Але ж працягласць берагавой лініі не такая ўжо і вялікая ў межах горада, каб не шыць лапікавую коўдру.
Пяройдзем ад абурэння і здзіўлення да канкрэтыкі. За кропкі пачатку набярэжнай бярэм Альшанку і базу адпачынку «Прывал». І на ўсім працягу па абодвух берагах дзелім набярэжную напалам. Палову па шырыні закочваем ў пакрыццё для веласіпедыстаў, ролераў, самакатаў. Максімальна згладжваем павароты, робім тунэль пад чыгуначным мостам. Другі бок, бліжэй да вады — з дрэва. З парапетамі, фотазонамі, выхадамі на пляжы. Уздоўж пешаходнай часткі — гандлёвыя кропкі, забавы і г. д. Дорага? Так. Але па шматлікіх водгуках у сетцы, Гродна — лепшы горад для турызму ў Беларусі. Можна пастарацца???
Чытайце таксама: Мост каля «Прывалу» абяцалі, але пакуль не будуюць. Яшчэ тры масты могуць з’явіцца ў Гродне
Што атрымалі б па факце гараджане і турысты?
Жывеш на Альшанцы. Пракаціўся на самакаце да спуску да набярэжнай — і паляцеў наўпрост да базы адпачынку «Прывал», па шляху спыніўшыся выпіць латэ. З Вясенняй спусціўся да Нёмана з каляскай — пайшоў гуляць да цэнтра, адчуваючы сябе часткай агульнай экасістэмы горада. Прыехаў у Гродна на выхадныя — атрымаў магчымасць пагуляць па набярэжнай і папіць кавы ў камфортнай атмасферы, што так любяць многія. У цэлым, гэта магло б стаць аб’яднаўчай лініяй для турызму горада. Але не стане, як і чыгуначная ветка ад Гродна да Аўгустоўскага канала і Белавежскай пушчы, якія я прапаноўваў калісьці. Ай… Пайду далей на тазіку гуляць… Хоць нешта карыснае. Да сустрэчы на Пешаходцы.
Аляксандр Зімін — вулічны музыкант з Гродна. Грае на вуліцы з 2016 года на хэндпане. Яго незвычайны інструмент у выглядзе лятучай талеркі стаў славутасцю цэнтра Гродна. Ад’язджаў у Архангельскую вобласць працаваць на лесапільні. Гродзенец з ДЦП безвынікова змагаўся за даведку для вадзіцельскіх правоў некалькі гадоў. І лёгка атрымаў яе ў Расіі.