Гісторык Андрэй Чарнякевіч адшукаў «Жаночае аблічча Гародні», няглядзячы на яго няўлоўнасць. І расказаў пра гэта ў час Фэсту экскурсаводаў. Паглядзіце дзесяць жаночых твараў нашага горада.
1. Агаф’я. Жонка першага князя
Першы гродзенскі князь Усеваладка, або Усевалад Гарадзенскі атрымаў надзел у Гродне, дзякуючы сваёй жонцы. Зямля была яе пасагам. Агаф’я, дачка Уладзіміра Манамаха стала жонкай хутчэй за ўсё ў 16−17 год. Ведаем пра дзвюх яе дачок. Адна з іх выйшла замуж за Чарнігаўскага князя, а ў другім шлюбе — за Палавецкага князя. Малодшая дачка Анна стала жонкай Тураўскага князя.
2. Дзяўчынка 9−10 год. Першае пахаванне на замку
Самае старое пахаванне на гродзенскім замку — жаночае, XIII стагоддзя. Гэта магіла дзяўчыны, хутчэй за ўсё 9−10 год. Яго знайшлі археолагі падчас раскопак у межах Ніжняй царквы пад фундаментамі Верхняй царквы ў канцы 1940-х гадоў. Рукі ў дзяўчыны былі скрыжаваныя на грудзях. У пахаванні знайшлі шкляную фіялетавую бранзалетку на руцэ, медны плецены пярсцёнак, упрыгожванні. Хутчэй за ўсё дзіцё мела дачыненне да княскай дынастыі, была хрысціянкай.
3. Патрык Гарадзенскі. Або жанчына, як спосаб вырашаць праблемы
Сярэднявечча. Калі Давыд Гарадзенскі вырашае свае праблемы па-мужчынску, мячом, то Патрык Гарадзенскі паказвае жаночы спосаб. У 1363 годзе крыжакі чарговы раз асадзілі Гродна. Патрык Гарадзенскі выйшаў з хросным ходам, каб прадэманстраваць, што гэта хрысціянскі горад. Ён разумеў, што крыжакі закідаюць гарадзенцам, што тыя — пагане. Зброя бы тут не дапамагла. Патрык перамог. З гэтага моманту крыжакі больш не прыходзілі з рэлігійнымі войнамі.
4. Бона Сфорца. Падаравала герб і вадаправод
Каралева Бона атрымала горад у занядбаным стане. Яна зрабіла Гродна такім, якім мы яго ведаем. Стварыла падставы гродзенскага самакіравання: вадаправод, маставыя, мерныя вагі на плошчы. Дала гораду герб. Гадзіннік на ратушы, рынкавая плошча, земскія суды. У ВКЛ яна прывезла сталовыя прыборы. Загарадны палац каралевы Боны знаходзіўся… на Гарадніцы.
5. Марыя Іосіфаўна. Апошняя польская каралева.
Жонка караля Аўгуста ІІІ. Аўстрыйская прынцэса Марыя Жазэфа. Шлюб працягваўся каля 40 год. Каралева нарадзіла 14 дзяцей, не ўсе выжылі. Большасць далучылася да значных еўрапейскіх дынастый. Аўгуст ІІІ загадаў перабудаваць замак, бо ў ім не хапіла месца яго жонцы. Яна была нароўні з ім, мела ролю паплечніка.
6. Манахіні
У першай палове 17 стагоддзя на цяперашняй вуліцы Давыда Гарадзенскага паўстаў уніяцкі базыяльянскі манастыр. У 1843 годзе ўніяцкі ордэн змянілі праваслаўныя манахіні з Оршы. Пры манастыры дзейнічала прыхадская школа, рамесныя курсы. У 1959 годзе была выселеная апошняя манахіня. Будынак аддалі медінстытуту, пасля тут месціўся цэнтр ДАСААФ. Зноў жаночым Благавешчанскім манастыром ён стаў у 1992 годзе.
Каталіцкі Брыгіцкі жаночы кляштар паўстаў у 1627 год. Таксама дзейнічаў Бернардынскі жаночы кляштар.
7. Лена. Яўрэйская жанчына з гета
Лена была адной з найпрыгажэйшых жанчын гродзенскага гета, і ўвогуле адной з найпрыгажэйшых гродзенскіх жанчын. Яна выйшла за межы зняволення, каб здабыць харчаванне. Вярталася, хаваючы ежу пад вопраткай. На даглядзе на ўваходзе ў гета ежу знайшлі. Кіраўнік гета загадаў публічна яе павесіць. Яе павесілі на гаўбцы другога паверха будынка № 31 на Вялікай Траецкай вуліцы. Нацысты абіралі тых ахвяр, якія мусілі дэмаралізаваць астатніх. Але гэтага не адбылося.
8. Яніна Нядзведзкая. Кіраўнічка жаночай гімназіі імя Эміліі Плятэр
Цяпер там знаходзіцца стары корпус універсітэта імя Янкі Купалы. Настаўніца-паланістка. Удзельніца савецка-польскай вайны. Па словах адной з вучаніц, гэта была немаладая, высокая, чарнавалосая жанчына, якая трохі кульгала на адну нагу. Гімназісткам падавалася вельмі строгай. Заўсёды раніцай стаяла пры ўваходзе ў гімназію і суровым позіркам аглядала кожную дзяўчыну, ці яе знешні выгляд адпавядае нормам. Сябра польскай Macierzy Szkolnej. Адна з арганізатарак гістарычнага таварыства ў Гродне. Арыштаваная органамі НКУС у 1940 годзе. Далейшы лёс невядомы. Хутчэй за ўсё яна загінула.
9. Прастытуткі
Фармальна прастытуцыя ў Расійскай імперыі была забароненая, але былі лазейкі, кшталту жоўтых білетаў, якія давалі магчымасці для парушэння закону. У Гродне было зарэгістравана ад 20 да 50 жанчын-прастытутак. Хутчэй за ўсё рэгістравалі толькі навічкоў. Больш аплачвальных прастытутак з досведам радзей уносілі ў рэгістры. Самымі спакуслівымі вуліцамі былі Савецкая, Тэльмана.
У Гродне было некалькі сем’яў, якія прафесійна займалася прастытуцыяй з пакалення ў пакаленне. Адна з такіх сем’яў пабудавала некалькі камяніц у горадзе. Існавалі жанчыны-суцінёры. Увогуле паводле заканадаўства Расійскай імерыі, бардэль маглі ўтрымліваць толькі жанчыны. Кіраўніцтва перажывала, каб не было пашырэння венерчных захворванняў сярод вайскоўцаў. Адначасова ў арміі прызнавалі, што мець сэксуальныя стасункі нармальна, таму для вайскоўцаў стваралі адпаведныя ўмовы.
10. Эліза Ажэшка. Пачынальніца сацыяльнага фемінізму
Помнік Элізе Ажэшцы называлі «Мамачка» ў 1970-я гады. Там збіраліся нефармальныя жаночыя рухі. Эліза Ажэшка — наша ўсё. Не толькі пачынальніца пазытывізму ў польскай літаратуры, не толькі прыклад полікультурнасці нашага горада. Яна — і выклік грамадскасці. Калі Гродна быў знішчаны падчас пажару, Ажэшка была першай, хто пачаў ратаваць горад.
[irp posts="22 974″ name="Ажэшка посціла б кветачкі, Цётка — акцыі пратэстаў. Беларускія літаратаркі мінулых стагоддзяў завялі" Instagram"]
Як дачку са шляхетнай сям'і, яе аддалі вучыцца ў Варшаву, дзе яна навучылася самаму патрэбнаму для сям'і. Калі яна засталася без мужа, яна сутыкнулася з сітуацыяй выжывання. Гэта нарадзіла відавочную ідэю: жанчына мусіць вучыцца таму, што будзе яе карміць.