Пасля моцнага дажджу 4 ліпеня ў Гродне затапіла некалькі бараў. У бары “Куба” і суседнім рэстаране “Ганга” вада стаяла і праз тры дні – яна прасочваецца ў падвальныя памяшканні праз сцены.

Абедзьве ўстановы грамадскага харчавання знаходзяцца на Калючынскай, 12. Вада з’явілася там з 4 ліпеня пасля моцнай залевы. Пры гэтым цякло не праз уваходы – будынак размешчаны не ў нізіннай частцы вуліцы.

“Ганга” і “Куба” паплылі ад дажджу. Гродзенскія ўстановы харчавання затапіла на некалькі дзён
Вада на падлозе – празрыстая. “Як з крыніцы”, – кажуць уладальнікі.

У бары “Куба” ўладальнікам даводзілася прыбіраць ваду кожныя паўгадзіны, нават адпампоўвалі помпай. Установу прыйшлося часова закрыць.

Прыбіралі ваду кожныя паўгадзіны

Лужына ў зале з’явілася ў нядзелю, было незразумела, адкуль, але відавочна, што не праз уваход, распавёў Hrodna.life ўладальнік бара Алег Андрэеў. “Мы думалі, можа са столі нацякло, з “Топ-Тура” [офіс на першым паверсе, над барам. – Заўв. Hrodna.life]. Пайшлі да іх – у іх усё добра. У панядзелак раніцай прыехалі – а ў нас па костачку вады. Усё выцягнулі помпай, вымылі, з’ехалі на абед, прыехалі паглядзець зноў – і як быццам бы мы нічога не рабілі! Зноў адпампоўвалі ваду, працоўны дзень сарваны”, – распавялі ўладальнікі бара. Для прыбірання вады нават наймалі людзей, але яна прыходзіць зноў. Паводле гаспадара, такая сітуацыя ўпершыню, хоць моцныя дажджы былі і раней.

Увечары 7 ліпеня бар усё яшчэ не працаваў. Праблема і ў тым, што памяшканне ў сутарэнні складана прасушыць. 8 ліпеня бар адкрыўся для наведвальнікаў. “Працуем. Чакаем дажджу”, – сказаў уладальнік памяшкання. Цяпер праца ўстановы фактычна залежыць ад надвор’я.

“Ганга” і “Куба” паплылі ад дажджу. Гродзенскія ўстановы харчавання затапіла на некалькі дзён
Бар адкрыўся толькі на чацвёрты дзень

Чытайце таксама: Помещение «Кубы» продают. Владелец обещает помочь покупателю, если тот сохранит бар

“Ганга” паплыла

Рэстаран індзійскай кухні “Ганга” знаходзіцца праз сцяну. Яго таксама падтапіла, у нядзелю вады ў зале было каля 13 см. Яе прыбіралі два дні. 6 ліпеня “Ганга” адкрылася, але лужыны на падлозе ўсё адно збіраліся. Працу не спынілі, бо прыйшлі людзі – было няёмка выганяць, распавёў Hrodna.life ўладальнік рэстарана Бура Вініш Гоўд.

“Ганга” і “Куба” паплылі ад дажджу. Гродзенскія ўстановы харчавання затапіла на некалькі дзён
Уладальнік рэстарана на трэці дзень пасля дажджу вырашыў не зачыняцца, бо людзі прыходзілі зноў і зноў

Агульная шкода ад затаплення – не менш 5000 рублёў, лічыць уладальнік абодвух памяшканняў Юрый Солтан.

За будынкам, у якім размяшчаюцца ўстановы грамадскага харчавання, ідуць земляныя працы: некалькі двароў раскапана, мяняюць трубы. На агароджы няма таблічкі з арганізацыяй-выканаўцам, але побач вядуць працы “Гродзенскія цеплавыя сеткі”.

Спачатку уладальнікі дапускалі, што вада прасочваецца менавіта з-за земляных работ. Пазней вырашылі, што вінаватая няправільна пакладзеная і праселая ад часу плітка ў двары каля сцяны.

“Ганга” і “Куба” паплылі ад дажджу. Гродзенскія ўстановы харчавання затапіла на некалькі дзён
Магчыма, прычынай затаплення стала няправільна пакладзеная і праселая плітка каля сцяны дома

Уладальнікі памяшканняў не прад’яўляюць прэтэнзіі да “Гроднаэнерга”, распавёў Hrodna.life спецыяліст па сувязях з грамадскасцю філіяла “Гродзенскія цеплавыя сеткі” РУП “Гроднаэнерга” Дзмітрый Смірноў. Па яго словах, ужо праходзіла экспертыза, з уласнікамі ўстаноў пагутарылі і ўсё высветлілі.

Ш&Б: ратаваліся мяшкамі з пяском

4 ліпеня ў ліку іншых вуліц затапіла паварот з Кірава каля турмы. На ходніку перад рэстаранам фаст-фуда «Шаурма Ш&Б Бургер» вада даходзіла да сярэдзіны галёнкі. Кругласутачны рэстаран таксама размешчаны ў сутарэнні. Тут ужо вада сапраўды сцякала па прыступках і залівалася праз ўваход. Спуск у ўстанову адгарадзілі мяшкамі з пяском, потым зачынілі дзверы, але вада ўсё роўна прасочвалася.

Хоць дождж да вечара спыніўся, наступствы паводкі змаглі прыбраць толькі ноччу. “А трэцяй-чацвёртай гадзіне сталі разумець, што быццам бы ўсё добра, расставілі ўсё па месцах, адкрыліся, выбачаліся”, – распавёў Hrodna.life адміністратар Улад. Ён працуе ў “Ш&Б” з лютага гэтага года. Такая сітуацыя была ўпершыню: не падтаплівала, нават калі раставаў снег пасля зімовых снегападаў. Перажывалі за электрыку – на летняй пляцоўцы праведзена асвятленне, стаяць калонкі, але ўсё абышлося.

Праз залпавую залеву 4 ліпеня ў Гродне затапіла некалькі вуліц у цэнтры, Белуша, траншэю для замены цепласетак на Захарава, Паўднёвую і іншыя вуліцы. Гараднічанка і Юрысдыка выйшлі з берагоў, у парку Жылібера пашкодзіла ходнік, правалілася частка новай дарогі каля чацвёртага моста і споўз грунт. Затапіла і прыгарад.

Чытайце таксама: Размытую дождем новую дорогу в Гродно уже ремонтируют. Что о происшествии сказал Владимир Караник