Памятаеце баладу Віктара Шалкевіча пра Святога Мікалая? Я заўсёды, калі бачу апошнія два дамкі за гродзенскім гарвыканкамам, згадваю гэтую песню. Тут некалі размяшчался гродзенская вуліца Святога Мікалая, якая носіць цяпер малазразумелую лічбавую назву — 11 ліпеня.
www.youtube.com/watch?v=XN2XtzEGbos
Назва вуліцы пайшла ад царквы
Калі глянуць на карту нашага горада пачатку ХХ ст. то ў раёне, дзе зліваюцца рэчкі Юрыздыка ды Гараднічанка, было адразу некалькі вуліц. Дзвюх з іх зусім няма. Вуліца Няцэлая прабягала за дамамі па Ажэшкі, а Смелая была ў затопленай даліне Гараднічанкі, дзе цяпер стаяць лебедзі. А вось Святога Мікалая засталася невялічкім кавалкам.
Адным словам дзе была тая царква, ніхто не ведае, але назва Святога Мікалая за вуліцай замацавалася. У пачатку ХХ ст. тут з’явіўся дзясятак цікавых дамоў - мураваных, драўляных, з балконамі ды галерэйнымі ўваходамі на другі паверх.
Хто жыў на Святога Мікалая?
Самым вялікім быў дом гаспадыні Клікс, які ў 1920-х гг. купіў сабе стараста Святапакроўскага сабора Аляксандр Малашка. Гэты дом з шыкоўнымі печкамі ўнутры стаіць да сённяшняга дня, але пан Малашка валодаў ім нядоўга. У 1939 годзе былы Архірэйскі завулак, а тады вуліца Святога Мікалая, стаў называцца 11 ліпеня. У гэты ліпеньскі дзень у 1920 г. Чырвоная Армія адбіла ў палякаў Мінск, таму ў міжваеннай БССР 11 ліпеня святкавалі прыкладна таксама як цяпер святкуюць 3 ліпеня.
Нават цяпер тут нядрэнна. Стаўшы паміж двума апошнімі дамамі гэтай вуліцы можна на пару секунд уявіць сабе, як тут усё выглядала некалькі дзесяцігоддзяў таму.
