Дзякуючы бязвізаваму рэжыму ў Гродна змаглі ўпершыню прыехаць тыя, для каго гэта зямля — радзіма продкаў. Баця Каменскi з Ізраіля прыехала 21 верасня каб убачыць вуліцу Карла Маркса, дзе ў канцы ХІХ ст. нарадзіўся яе дзядуля Якаб Фейгенберг, а яе прадзед рабіў адно з лепшых кашэрных вінаў у горадзе.

Баця цяпер на пенсіі і жыве ў Ізраілі. Раней яна працавала ў Іерусалімскім універсітэце. У сярэдзіне верасня жанчына вырашыла наведаць Вільню. Там яна даведалася, што можна прыехаць у Гродна па бязвізавым рэжыме і не страціла магчымасці.

«Калі б я была занятая, не змагла б выбрацца сюды. Але я зараз на пенсіі і магу сабе дазволіць прыехаць на Радзіму продкаў. Я тут упершыню. Гродна мне спадабаўся. Я ўжо некалькі разоў была на вуліцы Карла Маркса. Ёсць адчуванні, што запоўніўся той прабел, які пуставаў доўгія гады. Я зрабіла тое, што павінна была зрабіць», — кажа Баця.

Дзед паехаў вучыцца ў Германію

Хоць дом сваёй сям'і Баця не знайшла, але ўсё роўна засталася задаволеная паездкай, бо доўгія гады на гродзенскай зямлі ніхто з нашчадкаў Фейгенбергаў не быў.

«Дзядуля Якаб Фейгенберг нарадзіўся ў 1891 годзе ў Гродне. Пад канец жыцця ён напісаў мемуары, — кажа Баця. — З іх было зразумела, што ён нарадзіўся на вуліцы Брыгiцкай у Гродне, насупраць вуліцы Гарохавай. У гэтым горадзе ён хадзіў у хэдар пры сінагозе.

Фейгенбергi займаліся вытворчасцю кашэрнага віна, былі аднымі з лепшых у сваёй справе ў Гродне. Напярэдадні Першай сусветнай вайны дзядуля ўслед за сваім братам Давідам паехаў вучыцца ў Германію на медыка. Але неўзабаве пачалася вайна і Якаба прызвалі на фронт, дзе ён быў лекарам. За які бок ён ваяваў мне не ўдалося яшчэ даведацца, але ведаю, што ён ратаваў людзей".

"Запоўніўся прабел, які пуставаў доўгія гады". Нашчадак гродзенскіх вінаробаў Фейгенбергаў пабывала ў Гродне
Якаб Фейгенберг са сваёй жонкай Блумай Адэльскай. 1920-я г.

Да Другой сусветнай усе Фейгенбергі з’ехалі з Гродна

Пасля Першай сусветнай вайны Якаб Фейгенберг вярнуўся ў родны край. Але праз час пераехаў у Друскенікі, дзе працаваў урачом. Пасля яму ўдалося папрацаваць у Польшчы, а калі нарадзілася мама Бацi Елiшэва, то маладая сям’я пераехала ў Вільню, дзе пражыла да вайны. У Гродна Якаб перыядычна прыязджаў, бо там жылі яго бацькі.

«Бацька дзядулі памёр яшчэ да Другой сусветнай вайны і быў пахаваны на адных з могілак у Гродне. А бубуля перабралася да сваякоў у Ленінград. І больш у Гродне нікога не засталося. Вядома, мне б хацелася знайсці магілу прадзеда ў Гродне, але зрабіць цяпер гэта проста нерэальна. З трох яўрэйскіх могілак у Гродне захавалiся адны. Ды і запісаў аб пахаваннях да вайны цяпер не знайсці».

Прыйдзе час і яго ўспаміны будуць апублікаваныя

Якаб Фейгенберг у пасляваенныя гады працаваў лекарам, лячыў ва ўрадавай бальніцы ў Вільні. У 1972 годзе ён пераехаў у Ізраіль, дзе да 90 гадоў працаваў па спецыяльнасці. Прымаў па 70 пацыентаў у дзень.

«Дзядуля да канца жыцця быў верны сваёй прафесіі і не раз успамінаў родны Гродна, дзе ён нарадзіўся і вырас. Калі я была маленькая, то на святы Якаб нам з братам ніколі не дазваляў піць віно, а потым ён стаў чамусьці наліваць патроху. Гэта было для нас нечакана, і ён стаў распавядаць, чаму гэта пачаў рабіць. Аказваецца, калі ён быў маленькі, у яго дома ў Гродне часта была дэгустацыя віна і яму бацькі давалі спрабаваць новую прадукцыю. Дзядуля быў гэткім дэгустатарам. Гэта толькі адна з яго гродзенскiх гісторый, а іх у яго мемуарах павінна быць больш, мне здаецца, яны зоймуць некалькі лістоў. Прыйдзе час і яго ўспаміны будуць апублікаваныя».

"Запоўніўся прабел, які пуставаў доўгія гады". Нашчадак гродзенскіх вінаробаў Фейгенбергаў пабывала ў Гродне
Баця Каменскi, унучка Якаба Фейгенберга