Дзякуючы бязвізаваму рэжыму ў Гродна змаглі ўпершыню прыехаць тыя, для каго гэта зямля — радзіма продкаў. Баця Каменскi з Ізраіля прыехала 21 верасня каб убачыць вуліцу Карла Маркса, дзе ў канцы ХІХ ст. нарадзіўся яе дзядуля Якаб Фейгенберг, а яе прадзед рабіў адно з лепшых кашэрных вінаў у горадзе.
Баця цяпер на пенсіі і жыве ў Ізраілі. Раней яна працавала ў Іерусалімскім універсітэце. У сярэдзіне верасня жанчына вырашыла наведаць Вільню. Там яна даведалася, што можна прыехаць у Гродна па бязвізавым рэжыме і не страціла магчымасці.
«Калі б я была занятая, не змагла б выбрацца сюды. Але я зараз на пенсіі і магу сабе дазволіць прыехаць на Радзіму продкаў. Я тут упершыню. Гродна мне спадабаўся. Я ўжо некалькі разоў была на вуліцы Карла Маркса. Ёсць адчуванні, што запоўніўся той прабел, які пуставаў доўгія гады. Я зрабіла тое, што павінна была зрабіць», — кажа Баця.
Дзед паехаў вучыцца ў Германію
Хоць дом сваёй сям'і Баця не знайшла, але ўсё роўна засталася задаволеная паездкай, бо доўгія гады на гродзенскай зямлі ніхто з нашчадкаў Фейгенбергаў не быў.
«Дзядуля Якаб Фейгенберг нарадзіўся ў 1891 годзе ў Гродне. Пад канец жыцця ён напісаў мемуары, — кажа Баця. — З іх было зразумела, што ён нарадзіўся на вуліцы Брыгiцкай у Гродне, насупраць вуліцы Гарохавай. У гэтым горадзе ён хадзіў у хэдар пры сінагозе.
Фейгенбергi займаліся вытворчасцю кашэрнага віна, былі аднымі з лепшых у сваёй справе ў Гродне. Напярэдадні Першай сусветнай вайны дзядуля ўслед за сваім братам Давідам паехаў вучыцца ў Германію на медыка. Але неўзабаве пачалася вайна і Якаба прызвалі на фронт, дзе ён быў лекарам. За які бок ён ваяваў мне не ўдалося яшчэ даведацца, але ведаю, што ён ратаваў людзей".
Да Другой сусветнай усе Фейгенбергі з’ехалі з Гродна
Пасля Першай сусветнай вайны Якаб Фейгенберг вярнуўся ў родны край. Але праз час пераехаў у Друскенікі, дзе працаваў урачом. Пасля яму ўдалося папрацаваць у Польшчы, а калі нарадзілася мама Бацi Елiшэва, то маладая сям’я пераехала ў Вільню, дзе пражыла да вайны. У Гродна Якаб перыядычна прыязджаў, бо там жылі яго бацькі.
«Бацька дзядулі памёр яшчэ да Другой сусветнай вайны і быў пахаваны на адных з могілак у Гродне. А бубуля перабралася да сваякоў у Ленінград. І больш у Гродне нікога не засталося. Вядома, мне б хацелася знайсці магілу прадзеда ў Гродне, але зрабіць цяпер гэта проста нерэальна. З трох яўрэйскіх могілак у Гродне захавалiся адны. Ды і запісаў аб пахаваннях да вайны цяпер не знайсці».
Прыйдзе час і яго ўспаміны будуць апублікаваныя
Якаб Фейгенберг у пасляваенныя гады працаваў лекарам, лячыў ва ўрадавай бальніцы ў Вільні. У 1972 годзе ён пераехаў у Ізраіль, дзе да 90 гадоў працаваў па спецыяльнасці. Прымаў па 70 пацыентаў у дзень.
«Дзядуля да канца жыцця быў верны сваёй прафесіі і не раз успамінаў родны Гродна, дзе ён нарадзіўся і вырас. Калі я была маленькая, то на святы Якаб нам з братам ніколі не дазваляў піць віно, а потым ён стаў чамусьці наліваць патроху. Гэта было для нас нечакана, і ён стаў распавядаць, чаму гэта пачаў рабіць. Аказваецца, калі ён быў маленькі, у яго дома ў Гродне часта была дэгустацыя віна і яму бацькі давалі спрабаваць новую прадукцыю. Дзядуля быў гэткім дэгустатарам. Гэта толькі адна з яго гродзенскiх гісторый, а іх у яго мемуарах павінна быць больш, мне здаецца, яны зоймуць некалькі лістоў. Прыйдзе час і яго ўспаміны будуць апублікаваныя».