Два сімпатычныя хлопцы атлетычнага целаскладу, апранутыя ў чорнае, гасцінна віталі падыйшоўшых словамі: «Месцаў няма». Ішла 15-я хвіліна пасля аб’яўленага на вечар 21 ліпеня часу «Х», калі было прызначана адкрыццё новага бара «Фарадэй» у Гродне.«Гэты месца для тых, хто шукае эмоцый і не можа знайсці іх у іншых месцах. Сюды будуць прыходзіць, каб адключыцца ад знешняга асяроддзя з яго інфармацыйнымі плынямі ды гаджэтамі і атрымаць асалоду ад зносін з людзьмі і атмасферы, каторую стварае бар,» — распавёў Дмітрый, адказны за сувязі з грамадскасцю. Эмоцыі ў Фарадэі, з яго словаў, забяспечаць «найлепшыя ў Гродне, а можа і ва ўсёй Беларусі, кактэйлі, выдатная кухня і ўнікальны дызайн».Дызайну ў арыгінальнасці адмовіць цяжка. Барная зала ў стылі стымпанку поўніцца спасылкамі да школьных курсаў фізікі і хіміі ды дзіцячых эксперыментаў з рамонтам будзільнікаў. Навокал — выявы зубчатых колаў на табурэтах, ножкі каторых стылізаваныя пад апоры ЛЭП, ды барныя крэслы, аздоблены вінтамі і пружынамі.На пытанне аб формулах і схемах, каторымі спісаны сцены залы, Дмітрый адказаў, што «ўсе яны з электронікі [насамрэч не — рэд.], таму што… Фарадэй». Маўляў, «адзін з прысутных дакладна ведае, што яны азначаюць, бо ён сам іх пісаў і ён выкладчык фізікі, так што сэнс у надпісах павінен быць». Аднак асноўная роля схемаў і сімвалаў, на думку PR-спецыяліста, больш дэкаратыўная, чым сэнсоўная.Разынкай другой залі, па задумцы стваральнікаў бара, будзе немагчымасць карыстацца інтэрнэтам і мабільнай сувяззю. «Забарону» мае стварыць клетка Фарадэя — сталёвыя краты абапал сцен і столі. Такая канструкцыя сапраўды можа экранаваць прыборы ўнутры ад уздзеяння знешніх электрычных палёў. Праўда, толькі пры наяўнасці зазямлення. Пакуль жа інтэрнэт у залі ёсць, а клетка Фарадэя выконвае ўсё тую ж дэкаратыўную функцыю.Увагу ў залі прыцягваюць сцены, аклееныя копіямі газет пачатку мінулага стагодзя. На выпадак, калі інтэрнэт усё ж заглушаць, а інфармацыйны голад нагадае пра сябе, можна будзе пачытаць па-англійску старыя навіны з Нью-Ёрку ці Сан-Францыска.Туалеты бара таксама заслугоўваюць, каб сказаць пра іх пару асобных словаў. У мужчынскім пакоі трохі паднатужыўшыся, можна будзе ўявіць сябе машыністам бульдозера, а ў жаночым — без страху пакалечыцца сунуць рукі пад голкатрымальнік швейнай машынкі - замест голкі адтуль з’явіцца вада.
Асаблівую ўвагу стваральнікі бара надаюць аднаўленню кактэйльнай культуры — карта бара мае больш за паўсотні найменаванняў напояў з коштамі ад 6 рублёў. Ад былога Pub32 перайшла «Фарадэю» прыхільнасць да бургераў, што абыйдуцца тут у 9 рублёў. Цэны на салаты і закускі пачынаюцца ад 7 рублёў, а на гарачыя стравы пазначаны ўжо двухзначнымі лічбамі.
Калі ж вярнуцца да галоўнай ідэі бара — даць магчымасць на пэўны час пазбавіцца ад уплыву гаджэтаў і ўдзяліць увагу жывой камунікацыі, то абсалютна арыгінальнай назваць яе не атрымаецца. Прынамсі, пра падобную установу ў Англіі з клеткай Фарадэя у якасці экрана мабільнай сувязі, летась у сеціве пісалі.Кліентам бара, са словаў гаспадара, адсутнасць сувязі не ў цяжар. Адзіная скарга была якраз пра тое, што наведвальніку ўстановы ўсё ж змаглі дазваніцца на мабільны.
Майкл Фарадэй (1791−1867) — англійскі фізік-эксперыментатар і хімік. Ён адкрыў электрамагнітную індукцыю, што палягае ў аснове сучаснай прамысловай вытворчасці электрычнасці і стварыў першую мадэль электрарухавіка. Сярод іншых адкрыццяў Фарадэя — трансфарматар, хімічнае дзеянне току, законы электролізу, уздзеянне магнітнага поля на святло, дыямагнетызм. Ён першым прадказаў электрамагнітныя хвалі і ўвёў у навуковы ўжытак тэрміны іён, катод, анод, электраліт, дыэлектрык, дыямагнетызм, парамагнетызм ды інш. Таксама Фарадэем уведзена паняцце фізічнага поля і заснавана вучэнне аб полі электрамагнітным.