Мала хто ведае, што дзевяціпавярховая махіна аблвыканакама — гэта два будынкі, прыбудаваныя адзін на другога ў 1980 годзе, а яшчэ ў канцы 70-х побач стаяў старадаўні 200-гадовы дом.
Правая частка выканкама паўстала ў канцы 60-х на тэрыторыі былога сада пры палацы віцэ-губернатара (цяпер вядомы рэстаранам «Каралеўскае паляванне»).
Аблвыканкам шчыльна падыходзіў да вуліцы Гараднічанскай, якая тады не заканчвалася скрыжаваннем з Тэльмана ды Карбышава, а бегла да самай Гараднічанкі, перасякаючы вуліцу Ажэшкі. На месцы сучаснай левай часткі аблвыканкама знаходзілася двухпавярховая карчма «Nędza» («Галеча»), пабудаваная ў 1770-я гады. Яна складалася з кампактнага двухпавярховага мураванага будынка гасцініцы і выцягнутай, прамавугольнай у плане драўлянай стайні з цагляным каркасам, якая прылягала да дваровага фасада. Будынкі былі накрыты высокімі двухсхільнымі дахамі.
[irp posts="16 386″ name="Некалькі словаў пра перспектыву або Як зноў зрабіць архітэктуру Гродна адным цэлым"]
На пачатку XIX ст. былую карчму перабудавалі пад будынак кантрольнай палаты. Тут працавалі: праўленне таварыства ўзаемнага крэдыту (1894 г.), фотамайстэрня Краўзэля (з1908 г.), казённая вінная лаўка Заморскай. У 1920−30-х гг. у будынку знаходзіліся: крама таварыства «Jutrzenka», рэстаран «Jar» Я. Зінко, Гродзенскае аддзяленне Варшаўскага гандлёва-прамысловага банка, гандлёвы кааператыў «Lech», «Клуб дзяржаўных служачых», рэстаран «Пад зоркаю».
Пасляваенным гродзенцам карчма запомнілася як афіцэрская сталовая ды крама гарпрамгандлю «Детские игрушки». Карчма аказалася нечаканай ахвярай «пашырэння» гродзенскага аблвыканкама. У прынцыпе, такой самай ахвярай стаў і сам аблвыканкам, бо ягоны першы будынак, узведзены каля сярэдзіны 1960-х гг., выглядаў досыць цікава.







[irp posts="15 697″ name="Вуліца Кляшторная, якую «дабіў» Дом быту: як выглядала, куды знікла і чаму яе трэба аднавіць"]




Такая фіксацыя разбурэння будынкаў у 1960−70-х гг. — даволі рэдкая з’ява. Фатографам маглі зацікавіцца — нашто фатаграфаваць непатрэбнае староцце, на змену якому ідуць новыя шматпавярховікі. На другім плане таксама пазней знішчаны трохпавярховы будынак на Сацыялістычнай.
