Хакейны сезон у Беларусі скончыўся. Хакеісты і заўзятары адпачываюць пасля цяжкага года і ўжо з нецярпеннем чакаюць новых лядовых баталій. Пакуль у «Нёмана» перыяд міжсезоння, Hrodna.life вырашыў расказаць пра гродзенскіх заўзятараў, якія ў краіне прызнаныя самымі лепшымі. Наш аповяд - пра сям’ю Мухіных, якая ўжо чатыры сезоны практычна не прапускае матчаў з удзелам любімай каманды.
У сям'і Святланы і Аляксандра трое хлапчукоў. Малодшаму, Барысу, і двух гадоў яшчэ няма. Нягледзячы на гэта, за апошнія два гады сям’я ў розным складзе наведала больш за 100 матчаў з удзелам «Нёмана». Прычым не толькі хатніх, але і на выездзе. Гэта гульні Лігі чэмпіёнаў у Еўропе, Кубка Салея і Чэмпіянату Беларусі.
«Раней мы любілі глядзець хакей дома па тэлевізары і наш сябар сям'і гэта бачыў. Ён перыядычна нас запрашаў у лядовы палац на хакей, але мы адмаўляліся. Лічылі, што дома глядзець матчы таксама можна», — распавядае Святлана.
«У лістападзе 2014 года нам зноў прапанавалі схадзіць на матч. Пры гэтым паставілі перад фактам — квіткі набытыя. Так мы апынуліся на другім сектары, побач з фанацкім. Атмасфера на тым матчы нас вельмі ўразіла — атрымалі шмат станоўчых эмоцый. З тых часоў хатнія матчы мы не прапускалі, а з часам пачалі катацца і на выезды на сваёй машыне».
У 2014 годзе Мухіны пачыналі хадзіць на хакей з двума сынамі. У маі 2016 года ў сям'і нарадзіўся трэці сын, Барыс. Ужо 26 ліпеня гродзенцы ўпершыню паехалі на хакей і з ім. Тады быў таварыскі (перадсезонны) матч у Пінску.
«Усе гульні з 2016 года, якія наведвалі мы, з намі быў і малы. За два сезоны ў нас выйшла больш за 100 матчаў у тым ліку і выезды, — кажа Аляксандр.
Мы стараемся не прапускаць хатнія матчы, а выезды, гэта ўжо, вядома, па магчымасці. Малышу падабаецца хакей і ён адразу стаў ўспрымаць гульню і атмасферу на лядовых пляцоўках. На хакеі Бора палову матчу спіць, а пасля заўзее разам з намі.
Маленькага Барыса мама да нядаўняга часу карміла грудзямі, але гэта не замінала ім абоім глядзець хакей
«Калі Барыс быў маленькі, то я выходзіла ў перапынках і дзе-небудзь у куточку калідора яго карміла. — распавядае Святлана. — Калі сынуля пачаў сядзець, то магла падкормліваць яго ўжо прама на матчы, прыкрыўшы шалікам або джэрсі.
У далёкіх паездках (Швейцарыя, Аўстрыя, Фінляндыя), ды па дарозе на Менск, кармленне грудзьмі было толькі «плюсам» — не прыходзілася рабіць лішніх прыпынкаў, каб пакарміць немаўля. Наш Боря хакей вельмі любіць.
«Дома часта уключаны канал КХЛ і, без перабольшання кажу — ён аддае перавагу хакейным матчам, а не мультфільмам. У сакавіку гэтага года мы яму купілі дзіцячую клюшку і шчасцю сына не было мяжы. Вядома, дома мэбля ўжо трохі пашкоджана, але ні дня не праходзіць, каб малы не ганяў мячык клюшкай».
Наведваць хакейныя матчы ўсёй сям’ёй — справа не з танных, але для Мухіных лепшы адпачынак гэта менавіта хакей. Таму на мора ў перыяд адпачынкаў сям’я не ездзіць, а чакае матчы «Нёмана», каб сумясціць прыемнае з карысным.
Мухіны — самыя сапраўдныя патрыёты сваёй каманды і прыклад таго, як агульнае хобі яднае сям’ю.
«Наведваць мерапрыемствы, такія як хакей, кіно і іншыя, вядома, трэба сям’ёй. Атрымліваючы станоўчыя эмоцыі, сям’я станавіцца мацнейшай. Так, на хакеі бываюць перажыванні за зыход матчу, бываюць расчараванні ў лічбах на табло, але ў цэлым — гэта атмасфера пазітыву і неверагодна добрыя эмоцыі. Так што ўсім раім браць на хакей сваіх паловак і дзяцей. Бо калі добра аднаму, то другому і трэцяму гэта перадаецца «.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…