“Добры дартсіст прыходзіць са сваімі дроцікамі, ды не з адным камплектам”, – кажа Юрый Сіткевіч з гродзенскага “Дынама”. Менавіта гэтае спартовае таварыства адгукнулася на просьбу аматараў дартсу і правяло першы ў Гродне адкрыты турнір. Хаця гульня ёсць у праграме ці не ўсіх карпаратыўных спартакіяд горада, пагуляць акрамя працы ў вольны час нідзе не атрымаецца. Праўда, пасля турніру пачалі гаварыць пра стварэнне секцый і нават клубу.
Першы турнір па дартсу сярод аматараў прайшоў 8 красавіка і сабраў 19 чалавек узростам ад 14 да 61 года. Цяпер такія турніры будуць праходзіць раз у квартал. Могуць паўстаць секцыі гульні ў дартс і клуб па інтарэсах – усё залежыць ад ініцыятывы гродзенскіх гульцоў.
Раней спаборнічалі на прадпрыемствах
– Аматары звярнуліся з просьбай правесці турнір па дартсу, мы адгукнуліся, – кажа Юрый Сіткевіч, намеснік старшыні савета па эканамічнай працы Гродзенскай абласной арганізацыйнай структуры БФСТ “Дынама”, якая з’яўляецца арганізатарам турніра. – Да гэтага ў Гродне праводзіліся спаборніцтвы на прадпрыемствах, але не было адкрытага турніра, дзе мог паўдзельнічаць любы жадаючы.

На спаборніцтвы прыйшло 15 мужчын і 4 жанчыны. З-за невялікай колькасці ўдзельнікаў турнір правялі за адзін дзень, а не за два, як планавалася.

Арганізатары спадзяюцца, што наступным разам прызавы фонд, які фармуецца са стартавых унёскаў удзельнікаў, будзе большы. Гэтым разам невялікія ўнёскі – 3 рублі за кваліфікацыю і 2 за фінал – пайшлі на аплату камунальных паслуг і працу суддзяў.
Падарункі і сертыфікаты пераможцам прадставілі партнёры турніру: Go-go pizza і сетка крамаў тавараў для спорту “Мегаспорт”.
Могуць паўстаць секцыі і клубы
Арганізатары ўпэўнены, што наступны турнір збярэ больш удзельнікаў з розных гарадоў. Ужо гэтым разам спаборніцтвамі цікавіліся аматары з Магілёва, Мінска, Барысава, Салігорска і Ліды. Але прыехалі толькі ўдзельнікі са Слоніма і Мінска.
– Наступным разам дамо раней інфармацыю, – кажа Юры Сіткевіч. – Атрымаецца прыехаць у таго, хто сёння не змог. Мы чакаем людзей з любых гарадоў. Таму і зрабілі вельмі даступныя ўнёскі, якія не шкада патраціць дзеля хобі.
Дартс ёсць у праграме карпаратыўных спартакіяд практычна ўсіх гродзенскіх прадпрыемстваў: «Гродна Азот», “ГроднаЖылБуд”, “Белтэлекам”, “Гроднеэнерга”, “Белкард”. Прычына ў тым, што дартс не патрабуе вялікіх выдаткаў: патрэбна мішэнь цаной да 100 рублёў і камплект дроцікаў.

Трэніравацца ў Гродне пакуль што можна таксама на прадпрыемствах або дома. Калі аматары дартсу захочуць стварыць секцыю, “Дынама” гатовы прадастаўляць па выходных памяшканне.
“Стой сабе і кідай спакойненька”
Таццяна Мароз, пераможца сярод жанчын, працуе ў “БелГроднаГаз” начальнікам прававой і кадравай працы. Дартсам пачала займацца некалькі гадоў назад, калі на прадпрыемстве яго ўвялі ў спартакіяды. У мінулым годзе стала пераможцам республіканскай спартакіяды сярод “газавікоў”.
– Трэніруюся на прадпрыемстве толькі за два-тры тыдні да спаборніцтваў. Дома зусім не атрымліваецца. Планую сур’ёзна заняцца трэніроўкамі і ўвогуле гэтым відам спорту. З задавальненнем буду хадзіць у секцыю, калі будзе дазваляць час.
Яна заўважае, што дартс у Гродне наогул не развіты. Калі пачала гуляць на прадпрыемстве, пацікавілася, дзе яшчэ можна паспрабаваць сілы. Аказалася, нідзе не паўдзельнічаеш, хіба толькі на “Гродна Азот”, дзе моцная каманда.
– Дартс падабаецца тым, што гэта самы маларухомы від спорту, – смяецца Таццяна. – Стой сабе спакойненька і кідай. Нават у шашкі і шахматы гуляючы трэба напружвацца – галава баліць. Не кажучы пра камандныя віды спорту ці лыжы, якія патрабуюць вялікіх сродкаў, высілкаў і выдаткаў.

Дзмітрый Карташэвіч, пераможца сярод мужчын, займаецца дартсам менш за год, але старанна.
– Вынікам я задаволены, але магло быць і лепш – дома лепшыя вынікі, бо няма гэтай атмасферы, рукі не дрыжаць. Я займаюся дома, бо ў нас няма ніводнай установы, дзе можна гуляць у дартс. Я прапаноўваў у некалькіх месцах павесіць мішэнь, але мне адмаўлялі.
Дзмітрый кажа, што культура гульні ў дартс у Беларусі развіта не так, як у Расіі ці Польшчы. Расіянка стала чэмпіёнкай свету па дартсу, а ў Польшчы нават у малых гарадах праводзяцца свае турніры.

Кідаць дроцікі можна навучыцца і дома. Але гуляць аднаму нецікава – патрэбен спартовы інтарэс і невялікія турніры. Пасля мясцовых спаборніцтваў можна ехаць у Мінск, а затым і за мяжу. І тады, лічыць Дзмітрый, беларусы змогуць заняць радок у сусветным рэйтынгу.
Як праходзіў турнір: правілы
Спачатку прайшла кваліфікацыя паводле правіл Вялікага раўнду. Удзельнікі павінны былі кінуць па тры дроцікі ў кожны сектар – ад 1 да 20 – і скончыць трапіўшы трыма дроцікамі ў цэнтр. Вынік сумаваўся і згодна з сумай балаў фармавалася фінальная сетка, дзе першае месца гуляла з апошнім, другое – з перадапошнім і гэдак далей. Па гэтай сетцы ўдзельнікі гулялі на выбыванне паводле правіл гульні “501”: спачатку ў гульца 501 ачко, ён кідае дроцікі ў пэўныя сектары і выбітая колькасць балаў адымаецца. Скончыць гульню трэба, трапіўшы ў сектар “падваенне”.









