27 студзеня свет адзначае Дзень памяці ахвяр Халакосту. Менавiта ў гэты дзень у 1945 годзе Чырвоная армія вызваліла адзін з самых страшных канцлагераў Другой сусветнай вайны — Аўшвіц-Біркенаў.
З гэтай нагоды Hrodna.life распавядае пра чалавека, дзякуючы якому ўвесь свет даведаўся ў падрабязнасцях пра зверствы Халакосту. Залман Градоўскi вёў дзённік пачынаючы з Гродна і заканчваючы лагерам смерці. Спадчына Градоўскага гэта тры рукапісы — два дзённікі, якія ён вёў у Аўшвіцы, і ліст, напісаны незадоўга да паўстання, адным з кіраўнікоў якога ён быў.
Добрае жыццё ў Лунне
Залман Градоўскi нарадзіўся ў 1908 годзе ў польскім горадзе Сувалкі недалёка ад Беластока. Хлопец атрымаў яўрэйскую і агульную адукацыю, ведаў еўрапейскія мовы і еўрапейскую літаратуру, шмат чытаў на ідыш і па-польску. Ужо ў юнацтве ў Залмана была відавочная схільнасць да пісьменніцтва.
Незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны Градоўскi ажаніўся на Соне Апфельгольд, кравецкай дачцэ з мястэчка Лунна пад Гродна, з якой выпадкова пазнаёміўся ў Ласосне.
Пасля шлюбу маладая сям’я пераехала ў Лунна, дзе і сустрэла савецкую акупацыю, а пасля і нямецкую. Падчас апошняй акупацыі ў Лунна было створана гета, Залман быў у ліку чальцоў юдэнрата, ён адказваў за санітарна-медыцынскія пытанні.
Транзітны лагер у Калбасiно
Ужо ў лістападзе 1942 года пачалася эвакуацыя яўрэяў з Лунна ў транзітны лагер каля Гродна — Калбасiно.
Яўрэі ў такіх лагерах затрымліваліся зусім ненадоўга: па меры запаўнення баракаў і паступлення вагонаў. Насельнікаў сістэматычна адпраўлялі ў Аўшвіц.
У пачатку снежня ахова лагера Калбасiно паставіла яўрэяў з Лунна ў калону па пяць і вывела за браму. На станцыі Ласосна іх пагрузілі ў цягнік. Эшалон з Градоўскiм прайшоў праз Беласток, падышоў да Варшавы, але налева, у кірунку Трэблінкі, не павярнуў. Трэблінка была ва ўсіх на слыху, яе ўсё баяліся. Але радавацца не было чаму: абмінуўшы Катавіцэ, цягнік прыбыў у Аўшвіц. Адбылося гэта 8 снежня 1942 года.
Зондэркаманда ў Аўшвіцы
Ужо ў лагеры смерці Залман трапіў у зондэркаманду. Увесь час, які Градоўскi быў у лагеры, ён складаў спісы задушаных і спаленых на падставе справаздач зняволеных з зондэркаманды, якія працавалі ў кожным будынку.
У сваіх запісах Градоўскi апісаў увесь працэс забойства тысяч вязняў. Толькi адзінкi ведалі, што ён вёў гэтыя запісы. Жыхары барака адмыслова далі Залману ложак каля акна, каб яму было дастаткова святла для пiсання.6-га верасня 1944-го года — меркавана, напярэдадні першапачатковай даты паўстання ў Аўшвіцы — Залман Градоўскi закапаў пляшкі са сваімі сшыткамі ў яме на тэрыторыі крэматорыя. Роўна праз месяц, 7-га кастрычніка, Залман загінуў падчас паўстання дванаццатай зондэркаманды.
Яшчэ праз тры з паловай месяцы савецкая армія вызваліла Аўшвіц і лагер акупавалі мясцовыя скарбашукальнікі. Яны шукалі золата і брыльянты, а знаходзілі замест гэтага бутэлькі з неразборлівымі запісамі на незразумелай мове. І выкідалі іх.
Cябар Залмана, якi ведаў пра яго сакрэт, адразу ж пасля вызвалення лагера адкапаў гэтыя спісы і дзённік ды перадаў савецкай камісіі па расследаванні нямецка-фашысцкіх злачынстваў.Да сёння дайшлі толькі два тайнікі Градоўскага: дзве запісныя кніжкі і ліст. У 2008-м годзе яны былі ўпершыню апублікаваныя па-руску ў часопісе «Зорка».
Прыводзім адну з запісак з дзённіка Залмана Градоўскага:
«Я напісаў гэта, знаходзячыся ў «зондэркамандзе». Я прыбыў з Калбасiнскага лагера, каля Гродна. Я хацеў пакінуць гэта, як і многія іншыя запіскі, на памяць для будучыні мірнага свету, каб ён ведаў, што тут адбывалася. Я закапаў гэта ў яму з попелам, як у самым надзейным месцы, дзе, напэўна, будуць весці раскопкі, каб знайсці сляды мільёнаў загінуўшых.
Але ў апошні час яны пачалі замятаць сляды — вось дзе толькі быў нагрувашчаны попел, яны распарадзіліся, каб яго дробна размалолi, вывезлі да Віслы і пусцілі па плыні. Шмат ям мы выкапалі. І цяпер дзве такія адкрытыя ямы знаходзяцца на тэрыторыі крэматорыяў 1−2. Некалькі ям яшчэ поўныя попелам. Яны гэта забыліся ці самі затаілі перад вышэйшым начальствам, так як распараджэнне было — усе сляды замесці як мага хутчэй, і, не выканаўшы загаду, яны гэта схавалі. Такім чынам, ёсць яшчэ 2 вялікія ямы попелу ў крэматорыях 1−2. А шмат попелу сотняў тысяч яўрэяў, рускіх, палякаў засыпана і заарана на тэрыторыі крэматорыяў.
У крэматорыях 3−4 таксама ёсць трохі попелу. Там яго адразу малолі і вывозілі да Віслы, таму што плошча была занятая «месцамі для спальвання». Кніжка, як і іншыя, ляжала ў ямах і напіталася крывёю часам не зусім спаленых костак і кавалкаў мяса. Пах можна адразу пазнаць.
Дарагі находчык, шукайце ўсюды. На кожным кавалачку плошчы. Ляжаць там (закапаныя) дзясяткі маіх і іншых дакументаў, якія кінуць святло на ўсё, што тут адбывалася і здарылася. Таксама зубоў тут шмат закапана. Гэта мы, рабочыя каманды, знарок рассыпалі, колькі толькі можна было па плошчы, каб свет знайшоў жывыя сляды мільёнаў забітых.
Мы самі не спадзяемся дажыць да моманту волі. Нягледзячы на добрыя весткі, якія прарываюцца да нас, мы бачым, што свет дае варварам магчымасць шырокай рукой знішчыць і вырваць з коранем рэшткі яўрэйскага народа. Атрымліваецца ўражанне, што саюзныя дзяржавы, пераможцы свету, ускосна задаволены нашым страшным народным лёсам. Перад нашымі вачыма гінуць цяпер дзясяткі тысяч яўрэяў з Чэхіі і Славакіі.
Яўрэі гэтыя, напэўна, маглі б дасягнуць свабоды. Дзе толькі набліжаецца небяспека для варвараў, што яны павінны будуць сысці, там яны забіраюць рэшткі яшчэ пакінутых і прывозяць іх у Біркенаў-Аўшвіц або Штутгоф каля Данцыга — па звестках ад людзей, якія гэтак жа адтуль прыбываюць да нас.
Мы, «зондэркаманда», ужо даўно хацелі скончыць з нашай страшнай працай, вымушанай жахам смерці. Мы хацелі зрабіць вялікую справу. Але людзі з лагера, частка яўрэяў, рускіх і палякаў, усімі сіламі стрымлівалі нас і прымусілі нас адкласці тэрмін паўстання. Дзень блізкі - можа быць сёння ці заўтра. Я пішу гэтыя радкі ў момант найвялікшай небяспекі і ўзбуджэння. Хай будучыня выдасць над намі прысуд на падставе маіх запісак, і хай свет бачыць у іх кроплю, мінімум таго страшнага трагічнага святла смерці, у якім мы жылі.
Залман Градоўскі,